Vatican News
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Экуменічнай рады і яўрэйскіх суполак Венгрыі Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Экуменічнай рады і яўрэйскіх суполак Венгрыі  (Vatican Media)

Папа заклікаў хрысціян і юдэяў Венгрыі быць сведкамі адзінства

Найвышэйшы “благаслаўляе братоў, якія жывуць разам” адзначыў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Экуменічнай рады і яўрэйскіх суполак Венгрыі, якая адбылася 12 верасня 2021 г. у Будапешце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец звярнуў увагу на той факт, што на старонках Бібліі людзі, пакліканыя асаблівым чынам ісці за Панам, заўсёды павінны былі выходзіць у кірунку невядомых земляў. У сувязі з гэтым ён заклікаў “пакінуць непаразуменні мінулага” і “прэтэнзіі на правату”, каб выйсці ў шлях да Божага абяцання міру.

Францішак спаслаўся на вобраз Ланцуговага моста, які злучае дзве часткі венгерскай сталіцы. Ён заклікаў да еднасці і пераадолення спакусы падазронасці, няведання, аддалення і нязгоды.

Мост, які трымае разам дзве часткі, нагадвае таксама пра Запавет паміж Богам і чалавекам. “Бог Запавету просіць нас не паддавацца логіцы ізаляцыі і прыватных інтарэсаў”, - сказаў Папа, заклікаючы прадстаўнікоў найбуйнейшых рэлігійных супольнасцей Венгрыі спрыяць свабодзе веравызнання, скіроўваць пасланні адкрытасці і міру. “У свеце, разарваным шматлікімі канфліктамі, гэта лепшае сведчанне, якое павінны даваць тыя, хто атрымаў ласку пазнання Бога Запавету і міру”, - дадаў ён.

Папа заўважыў, што Ланцуговы мост з’яўляецца не толькі самым вядомым мостам у Будапешце, але і самым старажытным, а гэта заклік да таго, каб памятаць пра мінулае, пра агульную духоўную спадчыну. Францішак узгадаў пра прыклад венгерскага паэта яўрэйскага паходжання Міклаша Рандоці, які знаходзіў у сабе сілы пісаць вершы нават у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры.

“Нашы галасы, дарагія браты, не могуць не быць рэхам таго Слова, якое Неба падарыла нам, рэхам надзеі і міру. І нават калі нас не будуць слухаць і разумець, не будзем пераставаць сведчыць пра Аб’яўленне, сведкамі якога мы сталі”, - заахвоціў Пантыфік.

Францішак заклікаў сеяць зерні веры, якія ператворацца ў карані, бо “дасягнуць вышыняў магчыма толькі будучы глыбока ўкаранёнымі”. “Будучы ўкаранёнымі ў слуханні Найвышэйшага і іншых мы дапаможам нашым сучаснікам прымаць і любіць адзін аднаго. Толькі будучы каранямі міру і парасткамі адзінства мы будзем пераканаўчымі ў вачах свету, які глядзіць да нас з тугой па надзеі”, - завяршыў сваю прамову Папа.
 

12 верасня 2021, 10:39