Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да біскупаў: адказаць на крызіс міласэрнасцю і дынамізмам

Трэба адважна супрацьстаяць праблемам, быць там, дзе ёсць найбольшая патрэба, сведчыць аб любові Езуса да тых, хто знаходзіцца ў цяжкасцях, - звярнуў увагу італьянскіх біскупаў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі з так званых унутраных рэгіёнаў Італіі правялі двухдзённую сустрэчу ў Бэнэвэнта. Францішак заахвоціў іх распрацаваць тэрытарыяльны душпастырскі план абнаўлення.

Не можа быць адзінага тыпу душпастырскага служэння для ўсёй краіны – гэта першая выснова з сустрэчы. Дыяцэзіі П'емонта, Умбрыі, Лацыё, Абруца, Малізэ, Кампаніі, Апуліі, Базілікаты і Калабрыі ўсё часцей сутыкаюцца з праблемамі маргіналізацыі, дэпапуляцыі і эканамічнага крызісу.

Святы Айцец заахвоціў не паралізавацца цяжкасцямі індывідуалізму і абыякавасці. Хрысціяне павінны адказаць на крызіс міласэрнасцю і дынамізмам. Неабходна ператварыць парафіі і душпастырскія цэнтры ў месцы, дзе жывуць хрысціянскім духам. Бачачы крызіс духоўных каштоўнасцей і індывідуалізм, які спараджае адзіноту і марнатраўства, хрысціяне павінны "прывесці сябе ў рух” і паставіць новыя мэты.

“Існуе неабходнасць зрабіць больш разнастайнымі віды душпастырства ў залежнасці ад асяроддзя. Служэнне на перыферыі не можа ажыццяўляцца так, як у вялікіх гарадах”, - сказаў Vatican News арцыбіскуп Бэнэвэнта Фелічэ Акрока.

“Тут ёсць вялікі патэнцыял, які трэба выкарыстаць і паглыбіць. Трэба займацца пытаннем ачышчэння народнай рэлігійнасці. Мы павінны шукаць метады ўключэння людзей сярэдняга і сталага ўзросту ў душпастырства. Важнае значэнне мае таксама супрацоўніцтва на ўзроўні сеткі, якая злучае меншыя цэнтры. Адна парафія ў гэтых абязлюдзелых рэгіёнах па зразумелых прычынах не можа развіваць душпастырства моладзі. Ёсць неабходнасць у душпастырскім навяртанні епіскапату і духавенства, каб пачаць працаваць у духу сінергіі, які стварае сетку супрацоўніцтва”, - лічыць арцыбіскуп Акрока.
 

01 верасня 2021, 11:55