Пошук

Папа Францішак і Патрыярх Рафаэль Бэдрас ХХІ Папа Францішак і Патрыярх Рафаэль Бэдрас ХХІ 

Папа прыняў новага Патрыярха Кілікіі Армянскай

24 верасня 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі новаабранага Патрыярха Кілікіі Армянскай Рафаэля Бэдраса ХХІ і членаў Сінода Епіскапаў Армянскай Каталіцкай Царквы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Новаабраны іерарх паінфармаваў Святога Айца аб сваім абранні і папрасіў яго аб прыняцці ў касцёльную еднасць, згодна з патрабаваннем Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў. Задавальняючы просьбу новага прадстаяцеля Армянскай Каталіцкай Царквы Францішак скіраваў да яго ліст, у якім раздзяліў радасць армянскіх католікаў у сувязі з абраннем іх новага пастыра.

Пантыфік заўважыў, што выбары новага Патрыярха праходзілі ў складаны перыяд. Ён нагадаў пра пакуты ў Сірыі і Ліване, дзе пражывае значная частка вернікаў Армянскай Каталіцкай Царквы, а таксама пра пандэмію, якая ў многіх частках свету яшчэ далёкая ад пераадолення.

“Усе людзі добрай волі, асабліва хрысціяне, пакліканы зблізіцца і паводзіць сябе як браты, перамагаючы раўнадушша і самотнасць”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў пра тое, што армянскі народ “дасведчаны ў пакутах”, бо прайшоў праз мноства выпрабаванняў на працягу 1700 гадоў сваёй хрысціянскай гісторыі, а таксама адзначыў яго “невычэрпную здольнасць расквітаць і прыносіць плёны праз святасць і мудрасць сваіх святых і мучанікаў, праз культуру сваіх вучоных і мысляроў, праз мастацтва, здольнае, адпячатаць на камне знак крыжа як дрэва жыцця, праз сведчанне перамогі веры над кожнай варожай сілай гэтага свету”.

Святы Айцец падкрэсліў, што Армянская Каталіцкая Царква павінна быць цалкам уключана ў гісторыю свайго народа, захоўваючы памяць і традыцыі, а таксама глыбокую еднасць з Наступнікам св. Пятра.

Пантыфік даручыў новаабранаму прадстаяцелю клопат пра моладзь, пакліканні, еднасць паміж кансэкраванымі асобамі і з армянскімі вернікамі лацінскага абраду, даручаючы яго заступніцтву Багародзіцы і армянскіх святых, а таксама заклікаючы да сапраўднага братэрства і экуменічнага дыялогу з братамі з Армянскай Апостальскай Царквы.
 

24 верасня 2021, 14:15