Францішак падчас інтэрв'ю для Радыё COPE Францішак падчас інтэрв'ю для Радыё COPE 

Францішак не збіраецца на пенсію

Папа абверг інсінуацыі наконт заўчаснага завяршэння свайго пантыфікату. "Я ніколі не думаў адмаўляцца", - сказаў Папа ў першым пасля ліпеньскай аперацыі інтэрв'ю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Размаўляючы з журналістам Радыё COPE, вяшчальнікам Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі, Святы Айцец распавёў аб актуальных праблемах жыцця свету і Касцёла, не пазбягаючы адказаў на асабістыя пытанні.

У самым пачатку інтэрв’ю на пытанне Карласа Эрэры: "Як Вы сябе адчуваеце?", Пантыфік адказаў з усмешкай: "Яшчэ жывы". Паводле Францішка, яго "выратаваў" медбрат з медыцынскай службы Ватыкана, "чалавек з трыццацігадовым прафесійным стажам", які настаяў на аперацыі, хоць і быў варыянт курсу антыбіётыкатэрапіі. Рашэнне аказалася правільным, бо падчас аперацыі была выяўлена некратычная частка.

Змяншэнне кішэчніка не перашкаджае Пантыфіку весці "цалкам нармальны лад жыцця". Ён можа есць практычна ўсё і, прымаючы адпаведныя лекі, падтрымліваць актыўны парадак дня, які ўключае і падарожжы.

У кантэксце размовы пра стан здароўя Папа рашуча абверг інсінуацыі некаторых журналістаў наконт магчымага заўчаснага завяршэння пантыфікату. "Мне і ў галаву такое не прыйшло... Я не ведаю, адкуль у іх здагадкі, што я рыхтуюся адмовіцца!".

Дзелячыся меркаваннем аб сітуацыі ў Афганістане, Святы Айцец высока ацаніў дыпламатычныя намаганні Дзяржаўнага сакратарыята. Ён назваў кардынала П’етра Параліна "лепшым дыпламатам, якога ён калі-небудзь сустракаў". Папа лічыць вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана "законным", хоць у выніку рашэння "афганскі народ апынуўся пакінутым сам сабе”. "Мне здаецца, не ўсе варыянты былі ўзяты пад увагу, не хачу судзіць, але не ўсе", - адзначыў Францішак.

У інтэрв’ю прагучала пытанне і пра ватыканска-кітайскія ўзаемаадносіны. "Кітай не просты, але я перакананы, што мы не павінны адмаўляцца ад дыялогу", - сказаў Папа. На яго думку, “існуе верагоднасць быць падманутым падчас дыялогу, можна дапусціць памылкі... але гэта спосаб ісці наперад”.

У гэтым кантэксце Францішак спаслаўся на канцэпцыю кардынала Агасціна Казаролі, які быў Дзяржаўным сакратаром падчас пантыфікату Яна Паўла II, і ўжо пры Яне XXIII адказваў за кантакты з Цэнтральнай Еўропай, якая знаходзілася тады пад уладай камуністаў. “Гэта былі невялікія крокі адзін за адным па наладжванні мастоў. Павольна ўдавалася атрымліваць агаворкі на ўзроўні дыпламатычных адносін, што ў канчатковым выніку дазваляла прызначаць новых біскупаў і клапаціцца аб верным Божым народзе. Сёння ў пэўнай ступені мы павінны ісці тым жа шляхам дыялогу ў самых канфліктных сітуацыях”, - перакананы Святы Айцец.

01 верасня 2021, 12:20