Пошук

Vatican News

Агульная аўдыенцыя: Папа падсумаваў візіт у Венгрыю і Славакію

Пілігрымкай малітвы, пілігрымкай да каранёў і пілігрымкай надзеі назваў Папа сваё Апостальскае падарожжа ў Венгрыю і Славакію, якое здзейсніў 12-15 верасня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец падзяліўся думкамі пра свой візіт падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 верасня 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік нагадаў, што першым этапам яго падарожжа быў Будапешт, дзе ён цэлебраваў св. Імшу на заканчэнне Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу.

“Святы Божы народ у дзень Пана сабраўся вакол таямніцы Эўхарыстыі, з якой пастаянна нараджаецца і абнаўляецца. Ён знаходзіўся ў абдымках крыжа, змешчанага над алтаром, які паказвавае той самы напрамак, што і Эўхарыстыя, гэта значыць шлях пакорнай і бескарыслівай любові, любові шчодрай і паважлівай да ўсіх, шлях веры, якая ачышчае ад марнасці і вядзе да таго, што важнае”, - сказаў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак падкрэсліў, што яго малітоўная пілігрымка ў сэрца Еўропы, пачалася з адарацыі ў Венгрыі, а завяршылася сустрэчай з народнай пабожнасцю ў Славакіі. “Менавіта да гэтага пакліканы ў першую чаргу Божы народ: адараваць, маліцца, крочыць, пілігрымаваць, каяцца, і адчуваць у гэтым супакой, радасць, якую дорыць Пан. Гэта мае асаблівую важнасць для еўрапейскага кантынента, дзе прысутнасць Бога аслабляецца спажывецтвам і “парамі” уніфікаванага мыслення – дзіўнай, але рэальнай рэччу, плёнам змешвання старых і новых ідэалогій”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў такім кантэксце адказ, што дапамагае аздаравіцца, нараджаецца з малітвы, сведчання і пакорнай любові, якія ён меў магчымасць убачыць падчас сустрэч з “верным народам, што пакутаваў ад атэістычнага пераследу”, а таксама ў абліччах “нашых яўрэйскіх братоў і сясцёр”, узгадваючы Халакост, бо “няма малітвы без памяці”.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак адзначыў, што яго падарожжа было таксама “пілігрымкай да каранёў”. “Гэта карані, якія сягаюць у глыбіню аж да IX ст., да евангелізацыйнай дзейнасці святых братоў Кірыла і Мятода, якія суправаджалі гэта падарожжа сваёй пастаяннай прысутнасцю. Я адчуў сілу гэтых каранёў падчас цэлебрацыі Боскай літургіі ў візантыйскім абрадзе ў Прэшаве ў свята Узвышэння Святога Крыжа. У спевах я адчуў біццё сэрца гэтага святога вернага народа, загартаванага шматлікімі пакутамі, знесенымі за веру”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў захоўваць карані жывымі, а не як “музейныя экспанаты”, не ідэалагізаваць і не інструменталізаваць іх дзеля прэстыжу, улады і ўмацавання “закрытай тоеснасці”. “Гэта значыла бы здрадзіць ім і зрабіць іх бясплённымі! Кірыл і Мятод не з’яўляюцца для нас постацямі, пра якіх трэба толькі памятаць, але прыкладамі, якія трэба наследаваць, настаўнікамі, у якіх заўсёды трэба вучыцца духу і метаду евангелізацыі, а таксама грамадзянскай адказнасці – падчас гэтага падарожжа ў сэрца Еўропы я часта думаў пра айцоў Еўрапейскага Саюза. Карані, калі разумеюцца і перажываюцца ў такім духу, з’яўляюцца гарантыяй будучыні: з іх прарастаюць моцныя галіны надзеі”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Папа заўважыў, што яго падарожжа было таксама “пілігрымкай надзеі”. “Я бачыў вялікую надзею ў вачах моладзі падчас незабыўнай сустрэчы на стадыёне ў Кошыцах. Асабліва падчас пандэміі гэты святочны момант стаў моцным знакам надзеі, які напоўніў адвагай, у тым ліку дзякуючы прысутнасці шматлікіх маладых пар з дзецьмі”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы таксама пра моцнае і прароцкае сведчанне бл. Анны Калесаравай, славацкай дзяўчыны, якая коштам уласнага жыцця абараніла сваю годнасць ад гвалту. “Гэта сведчанне, на жаль, як ніколі актуальнае, бо насілле над жанчынамі – гэта адкрытая рана паўсюль”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец распавёў, што бачыў моцную надзею ў вачах людзей, якія маўкліва клапоцяцца пра бліжніх, асабліва падчас візіту ў дабрачынны цэнтр у Браціславе, дзе манахіні з кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові дапамагаюць бяздомным, і падчас сустрэчы з цыганскай супольнасцю і людзьмі, якія яе падтрымліваюць.

“Дарагія браты і сёстры, гэта евангельская надзея спаўняецца, становіцца канкрэтнай толькі калі злучана з іншым словам: разам. У Будапешце і Славакіі мы былі разам з прадстаўнікамі іншых абрадаў Каталіцкага Касцёла, разам з братамі і сёстрамі іншых хрысціянскіх канфесій, разам з братамі яўрэямі, разам з вернікамі іншых рэлігій, разам з самымі слабымі. Вось шлях, таму што будучыня стане будучыняй надзеі, калі будзе сумеснай”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі яго падарожжа ў Венгрыю і Славакію і папрасіў маліцца, “каб зерні пасеяныя падчас яго прынеслі добрыя плёны”.
 

22 верасня 2021, 10:38

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >