Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: адказаць салідарнасцю на гуманітарныя крызісы

Салідарнасць патрэбна перад абліччам гуманітарных крызісаў, якія правакуе змена клімату, - нагадаў Францішак з нагоды Міжнароднага дня гуманітарнай дапамогі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Надзвычайная кліматычная сітуацыя стварае ўсё больш і больш гуманітарных крызісаў, а бедныя становяцца ўсё больш уразлівымі перад экстрэмальнымі кліматычнымі з’явамі. Неадкладна патрэбна салідарнасць, заснаваная на справядлівасці, міры і адзінстве чалавечай сям’і”, - напісаў Святы Айцец у Твітэр.

Тэма сёлетняга Міжнароднага дня гуманітарнай дапамогі – #TheHumanRace (#ГонкаДзеляЧалавецтва). Яна падкрэслівае ўздзеянне надзвычайнай кліматычнай сітуацыі на найбольш уразлівыя стаі насельніцтва і накіравана на тое, каб іх галасы былі пачуты, а іх патрэбы былі пастаўлены на першы план павесткі дня Канферэнцыі ААН па змене клімату, якая пройдзе ў лістападзе 2021 г.

Міжнародны дзень гуманітарнай дапамогі штогадова адзначаецца 19 жніўня. Дата была выбрана ў памяць пра ахвяр выбуху ў штаб-кватэры ААН у Багдадзе, які адбыўся 19 жніўня 2003 г. У выніку тэрарыстычнага нападу тады загінулі 22 чалавека, сярод якіх Спецыяльны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН у Іраку Сержыў Віейра дзі Мэлу.

Міжнародны дзень з’яўляецца нагодай для ўшанавання памяці гуманітарных работнікаў, якія загінулі і пацярпелі падчас выканання сваёй дзейнасці. Паводле інфармацыі ААН, у 2020 г. нападам падвергнуліся 475 гуманітарных работніка, 108 – загінулі, 242 – атрымалі раненні, 125 – былі выкрадзены. Найбольшая колькасць выпадкаў насілля мела месца ў Паўднёвым Судане, Сірыі і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

 

19 жніўня 2021, 11:30