Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: не дастаткова спаўняць прадпісанні, каб быць шчаслівымі

Прывязанасць да дабротаў не робіць шчаслівымі, нагадаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў Фестываля моладзі, які праходзіць з 1 па 6 жніўня 2021 г. у Меджугор’і ў Босніі і Герцагавіне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік пракаментаваў евангельскую гісторыю пра багатага юнака, які хацеў атрымаць вечнае жыццё і прыйшоў за парадай да Езуса. Евангелле не называе яго імя, а гэта падказвае, што ім можа быць кожны з нас, - зазначыў Папа.

Разважаючы над дыялогам Хрыста з юнаком Францішак заўважыў, што спачатку Езус прапанаваў яму навучыцца рабіць дабро бліжняму, захоўваючы запаведзі. Юнак жа адказаў, што ўжо робіць гэта, разумеючы, што “не дастаткова спаўняць прадпісанні, каб быць шчаслівым”.

Хрыстус усведамляў, што “слабым бокам” яго суразмоўцы была празмерная прывязанасць да матэрыяльных дабротаў, якімі валодаў, таму заклікаў яго “перайсці ад захавання прадпісанняў дзеля атрымання ўзнагароды да бескарыслівай і поўнай любові”.

“Езус просіць яго пакінуць усё тое, што абцяжарвае сэрца і перашкаджае любові”, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што Хрыстус не хацеў, каб чалавек пазбавіўся ўсяго, але каб быў “свабодным і багатым адносінамі”. “Калі сэрца перапоўнена матэрыяльнымі дабротамі, тады Пан і бліжні становяцца толькі рэчамі сярод іншых”, а празмерная прывязанасць да жаданняў і дабротаў “робіць нешчаслівымі і няздольнымі любіць”.

Нарэшце Хрыстус заклікаў юнака ісці за Ім. Наследаванне Хрыста “робіць жыццё багатым і шчаслівым, поўным абліччаў шматлікіх братоў і сясцёр, бацькаў, маці і дзяцей.”

“Сябры, таксама і кожнаму з вас Езус кажа: “Прыходзь і ідзі за Мной!”. Майце мужнасць, каб перажываць вашу маладосцю, давяраючы сябе Пану і выходзячы ў шлях разам з Ім. Дазвольце, каб вас захапіў Яго позірк любові, які вызваляе ад спакусаў ідалаў, падманлівых багаццяў, што абяцаюць жыццё, але прыносяць смерць. Не бойцеся прыняць Хрыстовае слова і Яго пакліканне. Не апускайце рукі, як багаты юнак з Евангелля; але ўглядайцеся ў Марыю, вялікі прыклад наследавання Хрыста, і давярайце Ёй, якая сваім “так”, напоўніцу адказала на пакліканне Пана”, - пажадаў моладзі Папа.
 

02 жніўня 2021, 13:03