Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане  (AFP or licensors)

Анёл Панскі: прыняць Хрыста ў жыццё, каб чыніць Божыя справы

Евангелле вучыць нас таму, што не дастаткова шукаць Бога, але трэба спытаць у сябе пра прычыны Яго пошуку, - падкрэсліў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 1 жніўня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік пракаментаваў нядзельнае евангельскае чытанне (Ян 6,24-35), на пачатку якога гаворыцца, што пасля памнажэння Езусам хлябоў людзі селі ў чаўны і адправіліся ў Кафарнаум, каб шукаць Яго. Хрыстус жа сказаў ім: “шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся” (Ян 6,26). “На самай справе людзі бачылі цуд памнажэння хлябоў, але не зразумелі значэнне гэтага жэсту: спыніліся на знешнім знаку і матэрыяльным хлебе...”, - дадаў Пантыфік.

“Такім чынам вось першае пытанне, якое мы ўсе можам задаць сабе: чаму шукаем Пана? Якія матывы нашай веры? Нам трэба пазнаць гэта, бо сярод шматлікіх спакус, якія маем у жыцці, ёсць адна, якую можам назваць ідалапаклонніцкай спакусай. Гэта яна падштурхоўвае нас шукаць Бога дзеля выкарыстання і спажывання, дзеля вырашэння праблем, дзеля таго, каб дзякуючы Яму мець тое, чаго не можам атрымаць самастойна. Але ў такім выпадку вера застаецца павярхоўнай і засяроджанай на цудах: мы шукаем Бога, каб суцішыць голад, але потым, калі насычаемся, забываемся пра Яго. У цэнтры такой нясталай веры Бога няма, ёсць нашы патрэбы... Заносіць да сэрца Бога нашы нястачы – гэта правільна, але Пан, дзейнасць якога пераўзыходзіць нашы чаканні, у першую чаргу прагне поўных любові адносін з намі, а сапраўдная любоў не шукае свайго, яна бескарыслівая: мы любім не для таго, каб атрымаць штосьці наўзаем!”, - сказаў Францішак.

Папа звярнуў увагу таксама на другое пытанне, якое натоўп скіраваў да Хрыста: “Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6,26). “Гэта як бы людзі, справакаваныя Езусам, сказалі: “Што нам рабіць, каб ачысціць пошук Бога? Як перайсці ад магічнай веры, засяроджанай толькі на ўласных патрэбах, да веры, якая падабаецца Богу?”. І Езус указвае шлях: адказвае, што справа Божая заключаецца ў прыняцці Таго, каго паслаў Айцец, гэта значыць Яго самаго – Езуса. Гаворка не ідзе пра тое, каб дадаваць рэлігійныя практыкі і выконваць асаблівыя прадпісанні, але пра прыняцце Езуса ў жыццё, жыць гісторыяй любові з Ім. Гэта Ён ачысціць нашу веру. Мы самі няздольныя зрабіць гэта. Але Пан прагне мець поўныя любові адносіны з намі: перад тым, што атрымліваем і робім, ёсць Ён, якога павінны любіць. Ёсць адносіны з Ім, якія пераўзыходзяць логіку выгады і разліку”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што гэта тычыцца адносін з Богам, але таксама нашых чалавечых і грамадскіх адносін, бо “калі ў першую чаргу шукаем задавальнення нашых патрэбаў, рызыкуем выкарыстоўваць людзей і інструменталізаваць сітуацыі ў нашых мэтах”. “Выкарыстоўваць людзей дзеля ўласных інтарэсаў – кепска! Грамадства, якое ставіць у цэнтр інтарэсы, а не людзей – гэта грамадства, якое не стварае жыццё. Вось евангельскі заклік: перш чым клапаціцца толькі пра матэрыяльны хлеб, які насычае, прымем Езуса як хлеб жыцця і, абапіраючыся на наша сяброўства з Ім, навучымся любові між намі. Бескарыслівай і без разлікаў...”, - сказаў Францішак.

“Папросім зараз Найсвяцейшую Панну, якая перажыла самую цудоўную гісторыю любові з Богам, каб адарыла нас ласкай адкрытасці на сустрэчу з Яе Сынам”, - завяршыў нядзельнае разважанне Пантыфік.

01 жніўня 2021, 11:27

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Чытаць усё >