Пошук

Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане Папа падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане 

Папа падчас Анёл Панскі: без адкрытасці на новае вера згасае

Быць свабоднымі ад прадузятасці і адкрытымі на Божыя сюрпрызы, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 4 ліпеня 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім распавядаецца пра нявер’е землякоў Езуса (Мк 6,1-6). “Пасля прапаведвання ў іншых мястэчках Галілеі, Хрыстус зноў праходзіў праз Назарэт, у якім рос з Марыяй і Юзафам; а ў суботу пачаў навучаць у сінагозе. Многія, слухаючы Яго, пыталіся: “Адкуль у Яго ўся гэта мудрасць? Ці ж не сын Ён цесляра і Марыі, нашых суседзяў, якіх мы добра ведаем?”. Перад абліччам такой рэакцыі, Езус сцвердзіў праўду, якая стала таксама часткай народнай мудрасці: “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне яго, сярод родных яго і ў доме яго” (4), - нагадаў Папа.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане
Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане

Святы Айцец прапанаваў паразважаць над паводзінамі землякоў Хрыста. “Мы можам сказаць, што яны ведалі Езуса, але не прызнавалі Яго. На самай справе існуе розніца паміж веданнем і прызнаннем: мы можам ведаць розныя рэчы пра чалавека, мець пра яго ўяўленне, давяраць таму, што кажуць пра яго іншыя, магчыма, час ад часу, можам сустракацца з ім у квартале, але ўсяго гэтага не дастаткова... Гаворка ідзе пра павярхоўнае, звычайнае знаёмства, якое не прызнае выключнасці гэтай асобы. Гэта рызыка, якой падвяргаемся ўсе мы: думаем, што ведаем шмат пра чалавека, навешваем на яго ярлыкі і закрываем у нашай прадузятасці. Такім самым чынам землякі Езуса ведалі Яго на працягу трыццаці гадоў і думалі, што ведаюць усё (...), але на самай справе яны ніколі не разумелі, кім Езус з’яўляецца па-сапраўднаму. Спыняліся на знешнім і не прымалі новае пра Езуса”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане
Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане

“Калі дазваляем, каб зручнасць звычкі і дыктатура прадузятасці ўзялі верх, тады нам складана адкрыцца на новае і дазволіць здзівіць сябе... Гэта прыводзіць да таго, што часта мы пачынаем чакаць ад жыцця, досведаў і нават людзей выключна пацвярджэння нашых ідэй і нашых схем, каб ніколі не абцяжарваць сябе пераменамі. І так можа здарыцца з намі ў адносінах да Бога – менавіта з намі, вернікамі, якія думаем, што знаёмыя з Езусам, што ведаем шмат пра Яго, і што дастаткова паўтараць тое, што заўсёды. Але з Богам гэтага не дастаткова. Без адкрытасці на новае, а ў першую чаргу на Божыя сюрпрызы, без здзіўлення, вера ператвараецца ў стомленную літанію, якая паступова згасае, становіцца звычкай, сацыяльнай звычкай...”, - дадаў Папа.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане
Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане

“Чаму ж землякі Езуса не распазналі Яго і не паверылі ў Яго? У чым прычына? – У некалькіх словах мы можам сказаць, што яны не прынялі “скандалу” Уцелаўлення... Яны лічылі абуральным тое, што велічнасць Бога адкрылася ў маленькасці нашага цела, што Божы Сын стаў сынам цесляра, што боскасць хаваецца ў чалавечнасці, што Бог жыве ў абліччы, словах, жэстах простага чалавека. Вось у чым “скандал”: уцелаўленне Бога, Яго канкрэтнасць, Яго “прысутнасць у штодзённым жыцці”. Бог стаў канкрэтным у чалавеку, у Езусе з Назарэта, стаў нашым спадарожнікам, адным з нас..., а ў сілу гэтага Ён разумее нас, суправаджае, прабачае, моцна любіць. На самай справе больш зручным з’яўляецца абстрактны і далёкі Бог, які не ўмешваецца ў сітуацыі і прымае веру, далёкую ад жыцця, праблем, грамадства. Або нам падабаецца верыць ў бога “спецэфектаў”, які робіць надзвычайныя справы і заўсёды дае моцныя эмоцыі. Але, дарагія браты і сёстры, Бог уцелавіўся: Ён – пакорны, пяшчотны, схаваны, становіцца блізкім да нас, жывучы ў “нармальнасці” нашага штодзённага жыцця. І таму мы рызыкуем, як суайчыннікі Езуса, не распазнаць Яго, калі Ён будзе праходзіць, і нават больш за тое, абурацца Ім”, - сказаў Папа.

“Зараз, у малітве, папросім Багародзіцу, якая прыняла таямніцу Бога ў штодзённасць Назарэта, аб тым, каб мы мелі вочы і сэрцы, свабодныя ад прадузятасці і гатовыя здзіўляцца, адкрытыя на Божыя сюрпрызы (...), на Яго пакорную і схаваную прысутнасць у штодзённым жыцці” , - завяршыў нядзельнае разважанне Святы Айцец.
 

04 ліпеня 2021, 12:34

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >