Пошук

Vatican News
Падчас ружанцовай малітвы ў Ватыканскіх садах Падчас ружанцовай малітвы ў Ватыканскіх садах  (Vatican Media)

Ружанцовы “марафон” завяршыўся малітвай у Ватыканскіх садах

31 мая 2021 г. Святы Айцец узначаліў Ружанец на заканчэнне малітоўнага “марафона” у інтэнцыі спынення пандэміі каронавіруса, аднаўлення грамадскага жыцця і прафесійнай дзейнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Працягнем прасіць Пана, каб бараніў увесь свет ад пандэміі, і каб як мага хутчэй усім без выключэння была дадзена магчымасць знайсці паратунак з дапамогай вакцыны”, - маліўся Пантыфік перад копіяй абраза Маці Божай, якая развязвае вузлы, прывезенай з Германіі.

Ва ўрачыстай працэсіі ікона была дастаўлена на вызначанае месца ў Ватыканскіх садах і ўстаноўлена на пастаменце на фоне купала базылікі св. Пятра. Яе суправаджалі першакамунійныя дзеці з Вітэрба, моладзь, якая сёлета прыняла сакрамэнт канфірмацыі, скаўты, сем’і і манахіні, а ганаровую варту здзяйснялі папскія гвардзейцы і жандары. Узначальваў працэсію Біскуп Аўгсбургскі Бертрам Ёханес Маер.

“Сёння вечарам мы збіраемся вакол Цябе, наша Панна і Маці, шанаваная ў гэтым абразе як Тая, якая развязвае вузлы. На самой справе, ёсць вельмі шмат вузлоў, якія сплятаюцца вакол нашага жыцця і звязваюць нашу дзейнасць. Гэта вузлы эгаізму і раўнадушша, эканамічныя і грамадскія вузлы, вузлы насілля і вайны”, - сказаў Папа.

Падчас ружанцовай малітвы Пантыфік даручыў Панне Марыі аздараўленне параненых адносін паміж людзьмі, праблему беспрацоўя, хатняга насілля і сацыяльнай напружанасці, хваробы і чалавечае развіццё, а таксама душпастырскія выклікі. Затым Францішак каранаваў абраз Багародзіцы каштоўнай каронай, зробленай у славутай ювелірнай майстэрні Fratelli Savi.

Ружанцовы марафон аб спыненні пандэміі праходзіў у Каталіцкім Касцёце з 1 па 31 мая. Яго адкрыў Папа малітвай у базыліцы св. Пятра. Затым кожны дзень Ружанец праводзіўся ў адным з трыццаці марыйных санктуарыяў свету. Вернікі з розных краін маглі ўдзельнічаць у ім, дзякуючы прамой трансляцыі ў эфіры ватыканскіх СМІ.
 

01 чэрвеня 2021, 10:16