Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак падзякаваў медработнікам у сферы псіхічнага здароўя

Папа заклікаў да ўмацавання сістэмы аховы здароўя ў сферы псіхічных захворванняў, у тым ліку праз падтрымку навуковых даследаванняў, і прасоўвання валантарыяту .

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 чэрвеня 2021 г. Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў італьянскай Нацыянальнай канферэнцыі па псіхічным здароўі. Ён лічыць важным “набываць усё большае ўсведамленне прафесійных і чалавечых якасцей”, неабходных для клопату пра людзей з ментальнымі расстройствамі, паколькі “яны з асаблівай сур'ёзнасцю адчулі разбуральныя псіхалагічныя наступствы пандэміі”.

“На самой справе клопат пра іншых – гэта не проста кваліфікаваная праца, а сапраўдная місія, якая рэалізуецца цалкам, калі навуковыя веды адпавядаюць паўнаце чалавечнасці і ператвараюцца ў пяшчоту, якая ўмее быць побач з іншымі і прымаць іх блізка да сэрца”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец выказаў спадзяванне на пераадоленне грамадскай стыгмы, якую часта носяць псіхічна хворыя. Ён заклікаў медыкаў і псіхолагаў не станавіцца закладнікамі “культуры адчужэння”, згодна з якой большы клопат і ўвага надаюцца тым, хто прыносіць грамадству “прадуктыўную перавагу”, не забывацца, што той, хто пакутуе, “прымушае нязломную прыгажосць чалавечай годнасці ззяць у сваім параненым жыцці”.

Францішак запрасіў медыкаў “працягваць плённы шлях салідарнай дапамогі” ментальна хворым людзям і паабяцаў сваю малітву за рэалізацыю іх місіі.
 

25 чэрвеня 2021, 11:00