Пошук

Vatican News
Францішак падчас Анёл Панскі Францішак падчас Анёл Панскі  (Vatican Media)

Папа падчас Анёл Панскі: Эўхарыстыя – гэта Хлеб грэшнікаў

Мы вітаем Езуса, Які любіць нас і лечыць нашы недахопы, каб любіць іншых і дапамагаць ім у іх недахопах, – у гэтым заключаецца логіка Эўхарыстыі, - заўважыў Францішак 6 чэрвеня 2021 г. падчас Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на ўрачыстасць Божага Цела, якая ў Італіі і ў іншых краінах адзначаецца ў нядзелю, Папа нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус удзяліў нам "найвялікшы сакрамэнт". “У кульмінацыйны момант свайго жыцця Ён не раздае хлеба ўдосталь, каб пракарміць мноства людзей, але ломіць сябе падчас Пасхальнай вячэры са сваімі вучнямі. Такім чынам Езус паказвае нам, што мэта жыцця складаецца ў тым, каб аддаць сябе, што служэнне – гэта самае цудоўнае”, - адзначыў ён.

Пантыфік патлумачыў, што чалавек “знаходзіць веліч Бога ў крошцы Хлеба, у пяшчоце, напоўненай любоўю і дзяленнем". “Езус становіцца крохкім, як хлеб, які ломіцца і крышыцца. Але менавіта ў гэтым Яго сіла. У Эўхарыстыі крохкасць – гэта сіла: сіла любові, якая прымяншае сябе, каб быць прынятай, а не выклікаць страх; сіла любові, якая ломіць сябе і падзяляе, каб сілкаваць і даваць жыццё; сіла любові, якая распадаецца на фрагменты, каб прывесці нас да адзінства”, - адзначыў ён.

Папа дадаў, што далікатнасць Эўхарыстыі нагадвае пра сілу любові да іншых, да тых, хто памыляецца. У тую ж ноч, калі дае нам Хлеб жыцця, Езус рэагуе дабром на зло здрады Юды. “Ён не карае грэшніка, але аддае за яго жыццё. Калі мы прымаем Эўхарыстыю, Езус робіць тое ж з намі: ведае нас, ведае, што мы грэшныя і робім шмат памылак, але не адмаўляецца ад таго, каб звязаць сваё жыццё з нашым. Ён ведае, што нам гэта патрэбна, бо Эўхарыстыя – гэта не ўзнагарода святых, а Хлеб грэшнікаў. Таму ён заахвочвае нас: "Бяры і еш", - звярнуў увагу Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што калі мы прымаем Хлеб жыцця, Езус "нагадвае нам, што ў Яго вачах мы даражэйшыя, чым думаем". Ён вылечвае нас “ад тых недахопаў, якія мы самі не можам вылечыць: ад крыўды на тых, хто нам нанёс шкоду; ад аддзялення ад іншых і ізаляцыі; ад жалю да сябе і скаргаў, што крадуць спакой”.

“Эўхарыстыя вылечвае нас, таму што яднае з Езусам: прымушае засвойваць Яго жыццёвы шлях, здольнасць надламаць сябе і аддаць братам і сёстрам, адказаць на зло дабром. Гэта дае нам мужнасць выйсці за рамкі нашых абмежаванняў і схіляцца з любоўю над слабасцю людзей. Гэтак жа, як Бог робіць з намі. У гэтым заключаецца логіка Эўхарыстыі: мы вітаем Езуса, Які любіць нас і лечыць нашы недахопы, каб любіць іншых і дапамагаць ім у іх недахопах”, - сказаў Папа.
 

06 чэрвеня 2021, 12:37