Францішак пачдас выступлення ў ФАО. 2017.10.16. Ілюстрацыйнае фота Францішак пачдас выступлення ў ФАО. 2017.10.16. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да ФАО: праграм недастаткова – патрэбны адчувальныя жэсты

Праца ФАО па пошуку адэкватных адказаў на праблему харчовай бяспекі і недаядання набывае асаблівае значэнне падчас сацыяльна-эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй, - лічыць Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім пасланні на распачацце 42-й сесіі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыя ААН, апублікаваным 14 чэрвеня 2021 г., Францішак заўважыў, што сітуацыя ў будучыні можа пагоршыцца. Таму для ліквідацыі нарастаючых праблем неабходна прыняцце палітыкі, здольнай ліквідаваць іх структурныя прычыны.

Інвеставаць у глабальную харчовую сістэму, здольную супрацьстаяць будучым крызісам

Пантыфік лічыць важным забяспечыць, каб сістэмы харчавання былі ўстойлівымі, інклюзіўнымі, празрыстымі і здольнымі гарантаваць здаровую і даступную ежу для ўсіх. З гэтага пункту гледжання выгадна развіваць эканоміку замкнёнага цыклу, здольную забяспечыць рэсурсамі ўсіх, і спрыяць выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі.

Фундаментальны фактар выйсця з крызісу – гэта эканоміка, у якой цэнтральную ролю адыгрывае чалавек, а не прыбытак, прывязаная да агульнага дабра, добразычлівая да этыкі, паважлівая да навакольнага асяроддзя, - адзначыў Францішак.

Пасляпандэмічнае абнаўленне эканомікі, паводле Папы, з’яўляецца шансам змяніць курс і інвеставаць у глабальную харчовую сістэму, здольную супрацьстаяць будучым крызісам. Гаворка ідзе пра прасоўванне ўстойлівай і разнастайнай сельскай вытворчасці, якая ўлічвае каштоўную ролю сямейных фермерскіх гаспадарак і сельскіх грамад.

Фундаментальным крокам з'яўляецца прасоўванне культуры клопату, гатовай супрацьстаяць індывідуалістычнай і агрэсіўнай тэндэнцыі адчужэння

 

Святы Айцец звярнуў увагу на парадокс: ад недахопу ежы часта пакутуюць тыя, хто яе вырабляе. Тры чвэрці бедных у свеце жывуць у сельскай мясцовасці і зарабляюць на жыццё ў асноўным сельскай гаспадаркай.

Францішак падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па ўкараненні ў кожнай краіне механізмаў, неабходных для харчовай аўтаноміі. Таксама важна карыстацца патэнцыялам інавацый для падтрымкі дробных вытворцаў і павышэння іх кваліфікацыі і ўстойлівасці.

На бягучым этапе выхаду з пандэмічнага крызісу, перакананы Папа, фундаментальным крокам з'яўляецца прасоўванне культуры клопату, гатовай супрацьстаяць індывідуалістычнай і агрэсіўнай тэндэнцыі адчужэння.

Распрацоўкі праграм недастаткова; ёсць патрэба ў адчувальных жэстах, якія маюць у якасці арыенціра агульную прыналежнасць да чалавечай сям'і і прасоўванне братэрства, спрыяюць адукацыі, дыялогу і справядлівасці, - адзначыў Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады ФАО.
 

14 чэрвеня 2021, 15:50