Vatican News
Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Папа да пажылых: няма пенсійнага ўзросту для евангелізацыі

У пасланні на І Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які адзначаць 25 ліпеня, Папа падкрэсліў, што пакліканне трэцяга ўзросту – "берагчы карані, перадаваць веру моладзі і клапаціцца пра малых".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Нават калі ўсё здаецца цёмным, як у гэтыя месяцы пандэміі, Пан працягвае пасылаць анёлаў, каб суцешыць нас у нашай адзіноце і нагадаць нам: "Я з вамі ва ўсе дні", - заўважыў Францішак. “Пан ведае ўсе пакуты, якія мы перажылі за гэты час. Ён блізкі да тых, хто адчувае балючае расставанне; наша адзінота – якая яшчэ больш узмацнілася падчас пандэміі – Яму не абыякавая”, - дадаў Папа.

Пантыфік лічыць, што сёння свету патрэбныя анёлы, якія паклапоцяцца пра старых. “Часам у гэтых анёлаў твары нашых унукаў, часам членаў сям'і, былых сяброў ці тых, каго мы сустракалі ў гэтыя цяжкія часы. За гэты час мы навучыліся разумець, наколькі важныя для кожнага з нас абдымкі і візіты, і як сумна, што ў некаторых месцах яны пакуль немагчымыя!”, - адзначыў ён.

Францішак нагадаў пра пакліканне старэйшага пакалення: аберагаць карані, перадаваць веру маладым і клапаціцца пра малых. “Незалежна ад таго, колькі табе гадоў, працуеш ты ўсё яшчэ ці не, застаўся адзін ці маеш сям'ю, стаў дзядулям ці бабуляй раней ці крыху пазней, ты ўсё яшчэ незалежны ці ўжо патрабуеш дапамогі – няма пенсійнага ўзросту, калі гаворка ідзе пра заданне абвяшчэння Евангелля, а таксама пра неабходнасць перадачы традыцыі ўнукам”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён назваў гэта “новым пакліканнем”, якое можна рэалізаваць “адкрыўшы сэрца на дзеянне Духа Святога, Які дзьме, куды хоча”.

Папа заклікаў не забывацца пра пажылых людзей, якія памерлі ў час пандэміі з прычыны адсутнасці медабсталявання і ў выніку разбурэння з году ў год сістэм аховы здароўя. “Каб такія вялікія пакуты не былі марнымі, каб мы перайшлі да новага ладу жыцця і раз і назаўсёды ўсвядомілі, што мы патрэбныя адзін аднаму, што мы даўжнікі адзін перад адным, каб чалавецтва адрадзілася" (Fratelli tutti, 35), - напісаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што “свет заўтрашняга дня” не можна ўявіць без старэйшага пакалення, паколькі яно гарантуе прысутнасць трох стаўпоў, на якіх можна збудаваць шчаслівую будучыню: гаворка ідзе пра мары, памяць і малітву. Будучыня свету палягае на запавеце паміж маладымі і старымі. “Хто, як не малады, можа прыняць мары пажылых і ажыццявіць іх?”, - спытаў Папа.

Мары пераплятаюцца з памяццю, - заўважыў Францішак. Ён папрасіў пажылых людзей не баяцца дзяліцца з маладымі пакутлівымі ўспамінамі пра вайну, каб яны пачалі разумець каштоўнасць міру. “Ушанаванне памяці – сапраўдная і правільная місія кожнага пажылога чалавека: памятаць і несці памяць іншым”, - адзначыў ён.

Папа зацытаваў Бэнэдыкта XVI: "малітва пажылых людзей можа абараніць свет, дапамагаючы яму, магчыма, больш эфектыўна, чым намаганні шматлікіх людзей". Францішак заклікаў бабуль і дзядуль дыхаць лёгкімі малітвы, асабліва ў гэты цяжкі для чалавецтва час.

Завяршаючы пасланне, Папа прывёў прыклад бл. Шарля дэ Фуко, пустэльніка ў Алжыры, жыццё якога дэманструе, “наколькі нават у адзіноце пустыні можна стаць заступнікам бедных усяго свету і сапраўдным братам і сястрой усіх”.

Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, устаноўлены Францішкам, сёлета адзначаць упершыню.
 

22 чэрвеня 2021, 12:10