Пошук

Vatican News

Пантыфік прадставіў сваю інтэнцыю на чэрвень

Святы Айцец прысвяціў сваю чэрвеньскую малітоўную інтэнцыю прыгажосці сужэнства – патрабавальнага падарожжа на працягу якога сужонкі не самотныя – іх суправаджае Езус.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У адмысловым відэа Святы Айцец нагадаў маладым людзям, што “шлюб і сумеснае жыццё – гэта цудоўная рэч”. "Ці праўда тое, што кажуць некаторыя, што маладыя людзі не хочуць жаніцца, асабліва ў гэтыя цяжкія часы?", - задаецца пытаннем Францішак у пачатку роліка. У многіх выпадках лакдаўн выявіў напружанасць і канфлікты ў сям'і, а жыццё разам стала больш складанай задачай. Аднак Святы Айцец заклікаў ісці далей: “Варта рызыкаваць. І на гэтым жыццёвым шляху жаніх і нявеста не самотныя – іх суправаджае Езус”.

У папскім відэа ўвага канцэнтруецца на прыгажосці сужэнства і сям'і як нечым большым, чым проста "грамадзянскі" акт – "гэта пакліканне, якое ідзе ад сэрца, гэта свядомае жыццёвае рашэнне, якое патрабуе пэўнай падрыхтоўкі".

“Молімся ў інтэнцыі маладых людзей, якія рыхтуюцца да сужэнства пры падтрымцы хрысціянскай супольнасці, каб яны ўзрасталі ў любові з велікадушнасцю, вернасцю і цярплівасцю”, - агучыў Францішак сваю інтэнцыю на чэрвень.
 

01 чэрвеня 2021, 16:30