Пошук

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане 

Папа падчас Анёл Панскі: патрэбна сведчанне, слоў не дастаткова

Пра Бога трэба сведчыць не словамі, а ўласным жыццём, - нагадаў Пантыфік вернікам, якія сабраліся на малітву Анёл Панскі на ватыканскай плошчы 29 чэрвеня 2021 г., ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак (Мц 16,13-19), у якім Пан пытаецца ў вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?” (15). “Гэта ключавое пытанне Езус паўтарае таксама і нам сёння: “Кім ты лічыш Мяне?”. Хто Я для цябе, які прыняў веру, але яшчэ баішся плыць на глыбіню майго Слова? Хто Я для цябе, які ўжо даўно з’яўляешся хрысціянінам, але, паглынуты звычкай, згубіў пачуццё першай любові? Хто Я для цябе, які перажываеш складаны момант і патрабуеш штуршку, каб зноў распачаць шлях? Кім Я з’яўляюся для цябе? Дадзім Яму сёння адказ, які паходзіць з сэрца”, - заклікаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што перад тым як задаць гэта пытанне, Езус скіраваў да вучняў іншае: “Кім людзі лічаць Мяне?” (пар. 13). Езуса не цікавіла слава, але Ён хацеў падкрэсліць фундаментальную адметнасць хрысціянскага жыцця. “Ёсць людзі, якія спыняюцца на першым пытанні, на меркаваннях, і толькі кажуць пра Езуса; але ёсць тыя, хто прамаўляе да Езуса, прыносячы Яму жыццё, уваходзячы ў адносіны з Ім, здзяйсняючы вырашальны крок. Менавіта гэта цікавіць Пана: быць у цэнтры нашых думак; стаць арыенцірам нашых пацуццяў; кажучы ў некалькіх словах, быць любоўю нашага жыцця”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане
Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане

“Святыя, якіх ушаноўваем сёння, здзейснілі гэты пераход і сталі сведкамі... Яны сталі не толькі тымі, хто захапляецца Езусам, але і тымі, хто наследуе Яго, сталі не толькі гледачамі, але і галоўнымі дзеючымі асобамі Евангелля. Верылі не на словах, але на справах... Яны абодва прысвяцілі жыццё Пану і братам. І яны правакуюць і нас, бо рызыкуем спыніцца на першым пытанні: выказваць суджэнні і меркаванні, мець вялікія ідэі і прамаўляць прыгожыя словы, але ніколі не ўключацца ў гульню... Як часта, напрыклад, мы кажам, што хочам, каб Касцёл быў больш верны Евангеллю, больш блізкі да людзей, больш прароцкі і місійны, але потым не робім нічога канкрэтнага! Сумна бачыць, калі многія гавораць, каментуюць і дыскутуюць, але нямногія сведчаць. Сведкі не губляюцца ў словах, але прыносяць плён. Сведкі не наракаюць на іншых і свет, а пачынаюць з саміх сябе”, - сказаў Папа, заклікаючы паказваць Езуса ўласным сведчаннем; не абвяшчаць пракламацыямі, але сведчыць пра Яго прыкладам.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане
Падчас малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане

“Тым не менш, гледзячы на жыццё Пятра і Паўла можна запярэчыць: так, яны абодва былі сведкамі, але не заўсёды ўзорным, былі грэшнікамі! Пётр адрокся ад Езуса, а Павел пераследаваў хрысціян. Аднак – і ў гэтым уся соль, – яны сведчылі нават сваімі падзеннямі. Св. Пётр, напрыклад, мог сказаць евангелістам: “Не пішыце пра памылкі, які я зрабіў”. Але не, яго гісторыя выходзіць без прыхарошванняў з Евангелля, з усімі яго хібамі. Тое самае робіць св. Павел, які ў пасланнях распавядае пра памылкі і слабасці. Вось адкуль пачынаецца сведчанне: з праўды пра саміх сябе, з барацьбы з уласнай крывадушнасцю і фальшу. Пан можа рабіць вялікія справы з нашай дапамогай, калі мы не клапоцімся пра абарону свайго вобразу, але з’яўляемся празрыстымі з Ім і сябрамі. Сёння, дарагія браты і сёстры, Пан звяртаецца да нас. Яго пытанне – Кім ты лічыш Мяне? – пранікае ў глыбіню. Праз сваіх сведкаў, Пятра і Паўла, ён падштурхоўвае нас скінуць свае маскі, адмовіцца ад нашай сістэмы вымярэння, ад апраўданняў, якія робяць нас ні халоднымі, ні гарачымі, і павярхоўнымі. Няхай нам дапаможа ў гэтым Багародзіца, Каралева Апосталаў. Няхай Яна запаліць у нас жаданне сведчыць пра Езуса”, - завяршыў разважанне Святы Айцец.
 

29 чэрвеня 2021, 13:45

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >