Пошук

Vatican News
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (Vatican Media)

Агульная аўдыенцыя: праўда робіць сэрца свабодным

30 чэрвеня 2021 г. Папа правёў апошнюю агульную аўдыенцыю перад традыцыйным летнім перапынкам, які будзе працягвацца ўвесь ліпень. Сустрэча адбылася ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Павел – сапраўдны апостал” – гэтай тэме была прысвечана катэхеза Францішка. Працягваючы разважанне над Пасланнем да Галатаў Пантыфік нагадаў, што паміж хрысціянамі гэтага рэгіёну ўзнік канфлікт адносна таго, як трэба жыць верай. Апостала Паўла хвалявала тое, каб яны знайшлі слушны шлях, ён меў “занепакоенасць бацькі, які даў жыццё супольнасці веры”. “Яго намер быў выразны: неабходна было падкрэсліць навіну Евангелля, якую галаты атрымалі праз яго пропаведзь, каб пабудаваць сапраўдную тоеснасць, на якой можна заснаваць сваё жыццё”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Мы адразу заўважаем, што Павел – глыбокі знаўца таямніцы Хрыста. Ад самага пачатку свайго паслання ён не звяртаўся да нізкіх аргументаў, якімі карысталіся яго нядобразычліўцы. Апостал “лётае высока” і ўказвае таксама і нам як трэба паводзіць сябе, калі ўзнікаюць канфлікты ўнутры супольнасці. Толькі бліжэй да заканчэння паслання становіцца відавочным, што сутнасцю спрэчкі было абразанне, гэта значыць найважнейшая юдэйская традыцыя. Павел выбраў шлях сягання ў глыбіню, бо на кон была пастаўлена праўда Евангелля і свабода хрысціян, якая з’яўляецца яе неад’емнай часткай. Ён не спыняецца на паверхні праблем і канфліктаў, як часта спакушаемся рабіць мы, каб неадкладна знайсці рашэнне, што створыць ілюзію згоды паміж усімі праз кампраміс... Евангелле функцыянуе не так і апостал вырашыў ісці больш складаным шляхам. Ён піша: “Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога?”. Ён не імкнуўся прымірыцца з усімі і кажа далей: “Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!” (Гал 1,10)”, - нагадаў словы апостала Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“У першую чаргу Павел адчуваў абавязак нагадаць галатам пра тое, што ён сапраўдны апостал не ў сілу сваіх заслуг, а ў сілу Божага паклікання. Ён сам распавядае гісторыю свайго паклікання і навяртання, якая супала з аб’яўленнем Уваскрослага Хрыста падчас яго падарожжа ў Дамаск (пар. Дз 9,1-9). Цікава звярнуць увагу на тое, што ён сцвярджае адносна свайго жыцця, якое папярэднічала гэтаму здарэнню: “Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў” (Гал 1,13-14). Павел асмельваецца сцвярджаць, што перавышаў у юдаізме многіх, што быў па-сапраўднаму дбайным фарысеем, “паводле руплівасці – ганіцелем Касцёла, паводле справядлівасці Закону – беззаганным” (Флп 3,6). Ён двойчы падкрэслівае, што быў абаронцам “традыцый продкаў” і “зацятым прыхільнікам традыцый”. Вось гісторыя Паўла”, - нагадаў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“З аднаго боку ён настойліва падкрэслівае, што жорстка пераследаваў Касцёл і быў “блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем” (1 Цім 1,13) – не шкадуючы прыметнікаў сам акрэслівае сябе так; а з іншага боку, паказвае міласэрнасць Бога да яго, якая дапамагла яму перажыць перамену, добра вядомую ўсім. Ён піша: “Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста, яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў” (Гал 1,22-23). Ён пакаяўся, перамяніўся, у яго змянілася сэрца. Такім чынам Павел паказвае праўду свайго паклікання праз кантраст, які адбыўся ў яго жыцці, і які ўражвае: з ганіцеля хрысціян, за тое, што яны не захоўвалі традыцыі і законы, ён быў пакліканы стаць апосталам, каб абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста”, - нагадаў Францішак, падкрэсліваючы, што Павел быў свабодным чалавекам, здольным і абвяшчаць Евангелле і прызнавацца ў сваіх грахах. “Гэта праўда дае свабоду сэрцу, Божую свабоду”, - дадаў ён.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Святы Айцец заўважыў, што, пераасэнсоўваючы сваю гісторыю, Павел быў “поўны захаплення і ўдзячнасці”. “Ён нібыта хоча сказаць галатам тое, што мог быць кім заўгодна, толькі не апосталам. Ён з юнацтва быў выхаваны як бездакорны выканаўца закону Майсея і абставіны прывялі яго да змагання з вучнямі Хрыста. Аднак здарылася нешта нечаканае: Бог, сваёй ласкай, адкрыў яму свайго Сына, памерлага і ўваскрослага, каб ён стаў Яго вестуном сярод язычнікаў (пар. Гал 1,15-16)”, - заўважыў Пантыфік.

“Наколькі непрадказальныя шляхі Пана! Мы сутыкаемся з гэтым штодзённа, але асабліва калі пераасэнсоўваем тыя моманты, у якія Пан клікаў нас. Мы ніколі не павінны забываць пра тое, калі і як Бог увайшоў у наша жыццё: мы павінны трымаць у сэрцы і розуме тую сустрэчу з ласкай, падчас якой Бог змяніў наша існаванне. Колькі разоў, перад абліччам вялікіх спраў Пана, спантанна ўзнікае пытанне: як магчыма, каб Бог паслужыўся грэшнікам, уразлівай і слабой асобай, для спаўнення сваёй волі? І тым не менш няма нічога выпадковага, бо ўсё прадугледжана ў Божай задуме. Ён тчэ нашу гісторыю, гісторыю кожнага з нас, а калі мы адказваем з даверам на Яго задуму збаўлення, упэўніваемся ў гэтым самі. Пакліканне заўсёды прадугледжвае місію, да якой мы прызначаны; таму ад нас патрабуецца сур’ёзна да яе падрыхтавацца, ведаючы, што сам Бог кліча нас і падтрымлівае сваёй ласкай. Браты і сёстры, дазволім Яму весці нас да ўсведамлення гэтага: першаснасць ласкі перамяняе жыццё і робіць годным таго, каб паставіць яго на службу Евангеллю. Першаснасць ласкі пакрывае ўсе грахі, змяняе сэрцы, змяняе жыццё, дапамагае ўбачыць новыя шляхі. Не будзем забываць пра гэта”, - завяршыў катэхезу Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
30 чэрвеня 2021, 11:10

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >