Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак: Святы Дух дзейнічае ў кожную эпоху Касцёла

Не быць закамянелымі “ахоўнікамі праўды”, а радаснымі прапаведнікамі Евангелля, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 чэрвеня 2021 г. прайшла ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў. “Гэта вельмі важнае пасланне, я б нават сказаў, вызначальнае, не толькі для таго, каб лепш пазнаёміцца з апосталам, але ў першую чаргу, каб зразумець некаторыя аргументы, якія ён глыбока даследуе, паказваючы прыгажосць Евангелля. У гэтым пасланні Павал змяшчае шматлікія біяграфічныя ўзгадкі, якія дазваляюць нам даведацца пра яго навяртанне і рашэнне паставіць сваё жыццё на службу Езусу Хрысту. Акрамя таго ён закранае некаторыя тэмы, вельмі важныя для веры, такія як свабода, ласка і хрысціянскі лад жыцця. Яны крайне актуальныя, бо тычацца шматлікіх аспектаў жыцця Касцёла ў нашы дні. Гэта вельмі актуальнае пасланне, якое, здаецца, было напісана для нашага часу”, - сказаў Папа.

Першае, што заўважаецца ў Пасланні да Галатаў – гэта евангелізацыйная дзейнасць, распачатая апосталам, які, як мінімум два разы наведваў супольнасць Галатыі падчас сваіх місійных падарожжаў. У пасланні Павел звяртаецца менавіта да хрысціян гэтай тэрыторыі.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Мы не ведаем дакладна да якога геаграфічнага абшару яна адносіцца і не можам з упэўненасцю сцвярджаць пра час, калі ён напісаў гэта пасланне. Нам вядома, што галаты былі старажытным кельцкім народам, які ў выніку шматлікіх перыпетый, пасяліўся ў прасторным рэгіёне Анатоліі, цэнтрам якога быў горад Анкіра, сучасная Анкара, сталіца Турцыі. Павел паведамляе толькі тое, што па прычыне хваробы, быў вымушаны спыніцца тут (пар. Гал 4,13). Св. Лука ў Дзеях Апосталаў, знаходзіць больш духоўную прычыну, кажучы, што яны “прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі” (16,6), - нагадаў Пантыфік.

“Гэтыя два факты не супярэчаць адно аднаму, але ўказваюць, што шлях евангелізацыі не заўсёды залежыць ад нашага жадання і нашых задум, але патрабуе гатоўнасці да таго, каб дазволіць фармаваць сябе і ісці іншымі шляхамі, якія не былі прадугледжаны... Тое, што пацвярджаецца, гэта, што апостал, у сваёй нястомнай евангелізацыйнай дзейнасці, змог заснаваць некалькі невялікіх супольнасцей, раскінутых у рэгіёне Галатыі”, - дадаў ён.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Пантыфік звярнуў увагу на душпастырскую руплівасць Паўла, які, пасля заснавання гэтых Касцёлаў, заўважыў вялікую небяспеку, з якой яны сутыкнуліся ў сваім узрастанні ў веры. Справа ў тым, што ў супольнасць праніклі некаторыя хрысціяне, якія перайшлі з юдаізму, і пачалі хітрамудра сеяць тэорыі, што супярэчылі вучэнню апостала, і нават ачарнялі яго. 

“Як бачна, практыка прадстаўлення сябе ў некаторых сітуацыях адзінымі ўладальнікамі праўды і імкненне прынізіць працу, зробленую іншымі, у тым ліку з дапамогай ачарнення, з’яўляецца вельмі старажытнай. Гэтыя праціўнікі Паўла настойвалі на тым, што таксама і язычнікі павінны прайсці праз абразанне і жыць паводле правіл закона Майсея. Яны вярталіся назад у захаванне таго, што існавала раней, што было пераадолена Евангеллем. Галаты, такім чынам, павінны былі адмовіцца ад сваёй культурнай тоеснасці, каб падпарадкавацца нормам, прадпісанням і звычаям, уласцівым яўрэям. І не толькі. Гэтыя праціўнікі настойвалі на тым, што Павел не быў сапраўдным апосталам і таму не меў ніякага права абвяшчаць Евангелле...”, - нагадаў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Галаты апынуліся ў крызіснай сітуацыі. Што яны павінны былі рабіць? Слухаць і выконваць тое, што прапаведваў ім Павел, ці пагадзіцца з новымі прапаведнікамі, якія яго абвінавачвалі? Лёгка ўявіць стан збянтэжанасці, які панаваў у іх сэрцах. Для іх, знаёмства з Езусам і вера ў справу збаўлення, рэалізаваную праз Яго смерць і ўваскрасенне, было сапраўдным пачаткам новага жыцця, свабоднага жыцця. Яны распачалі шлях, які дазваляў ім нарэшце стаць свабоднымі, нягледзячы на тое, што іх гісторыя была сплецена з шматлікіх форм гвалтоўнага рабства, не толькі таго, якое падпарадкоўвала іх імператару Рыма. Таму, перад абліччам крытыкі з боку новых прапаведнікаў, яны адчувалі сябе разгубленымі і няўпэўненымі адносна таго, як паводзіць сябе і чый бок заняць... Кажучы карацей, стаўкі былі па-сапраўднаму вялікімі!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што гэта сітуацыя нагадвае досвед, які многія хрысціяне перажываюць у нашы дні. “Таксама і сёння хапае прапаведнікаў, якія, асабліва праз новыя сродкі камунікацыі, могуць ствараць неспакой у супольнасці. Яны з’яўляюцца ў першую чаргу не для таго, каб абвяшчаць Евангелле Бога, які любіць чалавека ў Езусе, Укрыжаваным і Уваскрослым, але для таго, каб настойліва сцвярджаць, як сапраўдныя “ахоўнікі праўды” – так яны называюць сябе – які спосаб быцця хрысціянамі з’яўляецца найлепшым. Яны з моцай сцвярджаюць, што сапраўднае хрысціянства – гэта тое, да якога прывязаны яны, хрысціянства, якое часта атаясамліваецца з некаторымі формамі з мінулага, і што вырашэнне сучасных крызісаў заключаецца ў вяртанні назад, каб не згубіць сапраўднай веры. Таксама і сёння, як і ў тыя часы, існуе спакуса закрытасці ў некаторых перакананнях, набытых з традыцый мінулага”, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што адметнай рысай прыхільнікаў такіх поглядаў з'яўляецца суровасць і закамянеласць.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Наследаваць вучэнне апостала Паўла з Паслання да Галатаў будзе нам карысна для разумення таго, якім шляхам трэба ісці. Шлях, указаны апосталам – вызваляе і з’яўляецца заўсёды новым шляхам Укрыжаванага і Уваскрослага Езуса; гэта шлях абвяшчэння, які рэалізуецца праз пакору і братэрства, а новыя прапаведнікі не ведаюць ні пакоры, ні братэрства; гэта шлях лагоднага і паслухмянага даверу, а новыя прапаведнікі не ведаюць ні лагоднасці, ні паслухмянасці. Гэты лагодны і паслухмяны шлях дазваляе ісці наперад з упэўненасцю ў тым, што Святы Дух дзейнічае ў кожную эпоху Касцёла. Урэшце менавіта вера ў Святога Духа, прысутнага ў Касцёле, вядзе нас наперад і збавіць нас”, - завяршыў катэхезу Францішак.

Запіс відэатрансляцыі з агульнай аўдыенцыі
23 чэрвеня 2021, 11:39

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >