Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: спорт – лек ад індывідуалізму

Захоўваць камандны дух і дысцыпліну, а таксама вучыць моладзь позірку, скіраванаму ўгару, - заклікаў Папа членаў Італьянскай федэрацыі баскетбола на аўдыенцыі з нагоды 100-годдзя з дня яе заснавання.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Касцёл і свет спорту “абодва служаць цэласнаму развіццю чалавека і могуць зрабіць каштоўны ўклад у жыццё грамадства”, - падкрэсліў Францішак падчас аўдыенцыі, якая 31 мая 2021 г. адбылася ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Папа звярнуў увагу сваіх гасцей на два важныя аспекты спартыўнай дзейнасці. Першы тычыцца таго, каб “будаваць каманду”. Ён нагадаў, што спартыўная дзейнасць заўсёды дапамагае людзям увайсці ў кантакт паміж сабой, ствараць адносіны паміж адрознымі і незнаёмымі асобамі, якія, нават, паходзячы з розных кантэкстаў, яднаюцца дзеля супольнай мэты.

“Дзе рэчы з’яўляюцца важнымі: быць з’яднанымі і мець мэту. У гэтым сэнсе спорт – гэта лек ад індывідуалізму нашых грамадстваў, якія часта ствараюць ізаляваныя і сумныя “я”, робячы нас няздольнымі “гуляць у камандзе” і развіваць захапленне добрымі ідэаламі”, - сказаў Пантыфік.

Другі аспект, на які звярнуў увагу Святы Айцец, гэта дысцыпліна. Ён нагадаў, што многія спартыўныя заўзятары не ўяўляюць, якая цяжкая праца стаіць за дасягненнямі атлетаў. Спаборніцтвы вымагаюць не толькі вялікай фізічнай дысцыпліны, але таксама ўнутранай. У гэтым кантэксце вельмі важна навучыцца “навядзенню парадку ў сваім жыцці”, - сказаў Францішак, цытуючы св. Ігнацыя Лаёлу.

Дысцыпліна робіць адказнымі, а таксама дапамагае ў духоўным жыцці, якое не можа заставацца на ўзроўні эмоцый і практыкавацца перыядамі, у залежнасці ад таго “калі гэта мне падабаецца”. “Таксама і духоўнае жыццё патрабуе ўнутранай дысцыпліны, якая складаецца з вернасці, пастаянства, штодзённых намаганняў у малітве. Без пастаяннай унутранай трэніроўкі, вера рызыкуе пагаснуць”, - папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што баскетбол – гэта від спорту, які скіраваны да вышыні, “таму ён з’яўляецца выклікам для людзей, прызвычаеных жыць з позіркам, звернутым да зямлі”.

“Я хацеў бы, каб гэта стала для вас высакародным заданнем: садзейнічаць здаровай гульне паміж дзецьмі і моладдзю, дапамагаць маладым людзям глядзець угару, ніколі не здавацца, адкрываць, што жыццё – гэта шлях, які складаецца з паразаў і перамогаў, і што важна не губляць жадання “сыграць матч”. Дапамагайце ім зразумець, што калі яны “не трапілі ў карзіну”, яны не праігралі назаўсёды. Заўжды можна выйсці на поле ізноў, можна стварыць каманду з іншымі людзьмі і паспрабаваць зрабіць яшчэ адзін брасок”, - завяршыў прамову Папа.
 

31 мая 2021, 13:21