Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: на першым месцы чалавек, а не прыбытак

Свет працы і эканомікі – не чужы для хрысціянскага паслання. Касцёл ніколі не быў абыякавым да якасці жыцця і ўмоў працы людзей, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У 40-годдзе візіту св. Яна Паўла ІІ на сталеліцейны комплекс у італьянскім горадзе Тэрні мясцовая каталіцкая супольнасць, прадстаўнікі рэгіянальных уладаў, рабочыя і прадпрымальнікі вырашылі супольна памаліцца на тым самым месцы, дзе 19 сакавіка 1981 г. праходзіла гістарычная сустрэча Караля Вайтылы са светам працы.

Урачыстую літургію на тэрыторыі прадпрыемства, якая адбылася 15 мая 2021 г., узначаліў пастыр дыяцэзіі Тэрні-Нарні-Амелія, біскуп Джузэпэ П’емантэзі. На яго імя Францішак скіраваў спецыяльнае прывітанне, у якім нагадаў некаторыя аспекты каталіцкага вучэння пра чалавечую працу.

Пантыфік заўважыў, што фінансава-эканамічны крызіс, выкліканы пандэміяй, адмоўна паўплываў на большасць галінаў італьянскай прамысловасці і павялічыў узровень беспрацоўя.

“У гэтым кантэксце ўсе пакліканы аднавіць пачуцце адказнасці за грамадства праз салідарнасць і дзяленне з тымі, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе. Неабходна прыкласці намаганні для таго, каб этычныя прынцыпы і правы чалавека захоўвалі першынства адносна пагоні за прыбыткам”, - напісаў Святы Айцец.

Свет працы і эканомікі – не чужы для хрысціянскага паслання, гэта сферы, якія можна зрабіць больш плённымі, дзякуючы духоўнаму багаццю Евангелля, - перакананы Папа. “Касцёл ніколі не абыякавы да якасці жыцця людзей і ўмоваў, у якіх яны працуюць… Ён прагне гуманізаваць іх прафесійную дзейнасць, каб зрабіць яе больш чалавечнай і сяброўскай”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што нельга пакідаць чалавека без працы, бо яна з'яўляецца яго пакліканнем і тым, што дае чалавеку годнасць. У сувязі з гэтым Францішак заклікаў укараняць адпаведныя рашэнні для абароны рабочых месцаў, бяручы пад улік важнасць сям’і для грамадства. “Ключавое значэнне мае рэалізацыя праектаў салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе”, - заўважыў у сваім пасланні Францішак.
 

17 мая 2021, 08:57