Пошук

Папская швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота Папская швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэўся з навабранцамі Швейцарскай гвардыі

Шчодра адказаць на пакліканне Хрыста, сведчыць аб гасціннасці Касцёла і выкарыстаць час прабывання ў Ватыкане для ўмацавання веры, - заклікаў Пантыфік швейцарскіх гвардзейцаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

6 мая 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі і членаў іх сем’яў. Нагодай для сустрэчы стала прысяга, якую 34 навабранцы ўрачыста складуць вечарам у Панадворку св. Дамаса. Вітаючы сваіх гасцей Францішак заўважыў, што іх прысутнасць “сведчыць пра лучнасць многіх швейцарскіх католікаў з Касцёлам, і асабліва з Пасадам св. Пятра”.

“Месцы, у якіх новыя рэкруты пакліканы выконваць сваё служэнне, маюць багатую гісторыю. Ад часу стварэння Папскай швейцарскай гвардыі, шмат маладых людзей з адданасцю і вернасцю спаўнялі гэту выключную місію, якую Корпус працягвае выконваць да сённяшняга дня. Некаторыя з іх нават ахвяравалі ўласным жыццём, абараняючы Папу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што функцыі Швейцарскай гвардыі, хоць і маюць вайсковы характар, але ўяўляюць сабой “асаблівае служэнне Пантыфіку і Апостальскай Сталіцы дзеля дабра ўсяго Касцёла”.

Папа заўважыў, што падчас службы ў Ватыкане некаторыя гвардзейцы адкрываюць у сабе пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця, іншыя – да сужэнства. “Разам з вамі дзякую Пану, крыніцы ўсялякага дабра, за розныя дары і пакліканні, якія вам давярае, і малюся, каб таксама і тыя, хто пачынае сваё служэнне сёння, маглі цалкам адказаць на пакліканне Хрыста, ідучы за Ім з вернай шчодрасцю”, - пажадаў ён.

Папа падзякаваў усім членам Швейцарскай гвардыі за служэнне, а таксама падкрэсліў, што высока цэніць іх здольнасць спалучаць “прафесійныя і духоўныя аспекты, выражаючы такім чынам сваю пабожнасць і вернасць Апостальскай Сталіцы”.

“Пілігрымы і турысты, якія прыбываюць у Рым, са свайго боку, маюць магчымасць спазнаць ветлівасць і адкрытасць гвардзейцаў пры ўваходах на тэрыторыю Дзяржавы Ватыкан. Ніколі не забывайце пра гэтыя якасці, якія з’яўляюцца цудоўным сведчаннем і знакам гасціннасці Касцёла”, - заахвоціў рэкрутаў Пантыфік.

Папа пажадаў навабранцам плённага духоўнага і чалавечага досведу падчас прабывання ў Ватыкане і Рыме. “Няхай гэтыя гады, якія праведзяце тут, стануць нагодай для паглыблення вашай веры і яшчэ большай любові да Касцёла”, - сказаў Святы Айцец, абяцаючы гвардзейцам сваю малітву і просячы маліцца за яго.
 

06 мая 2021, 11:30