Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак афіцыйна ўстановіць у Касцёле паслугу катэхета

У Ватыкане анансавалі рашэнне Пантыфіка ўстанавіць у Касцёле паслугу катэхета. Паведамленне з запрашэннем да журналістаў прыняць удзел у афіцыйнай прэзентацыі распаўсюдзіла Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падрабязнасці будуць агучаны 11 мая 2021 г. праз папскі motu proprio пад назвай Antiquum Ministerium. Прадставяць дакумент арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, і біскуп Франц-Пэтэр Тэбартц-ван Эльст, дэлегат па пытаннях катэхізацыі пры гэтай ватыканскай дыкастэрыі.

Рашэнне Пантыфіка выспявала некалькі гадоў. Яшчэ ў 2018 г., у відэапасланні да ўдзельнікаў Міжнароднага катэхетычнага кангрэсу, ён выразна казаў пра тое, што “быць катэхетам – гэта пакліканне”, а не толькі праца. Папа падкрэсліў, што такая форма служэння патрабуе прызнання ў якасці паўнацэннай паслугі ў Касцёле.

Паслуга (лац. ministerium) – гэта служэнне, даручанае біскупам верніку, з мэтай выконваць пэўныя задачы ў Касцёле; яна адрозніваецца ад сакрамэнтальнага пасвячэння. Абрад увядзення ў паслугу называецца ўстанаўленнем (лац. institutio). На сённяшні дзень у Каталіцкім Касцёле існуе дзве паслугі: лектарат і акалітат.

06 мая 2021, 09:19