Пошук

Папа падчас св. Імшы ў інтэнцыі М'янмы Папа падчас св. Імшы ў інтэнцыі М'янмы 

Папа: пасярод цемры насілля трэба захаваць веру, адзінства і праўду

Пасярод рэпрэсій і насілля важна не паддацца логіцы нянавісці і помсты, але захоўваць веру і адзінства, будучы людзьмі, гатовымі ахвяраваць сабой дзеля праўды Евангелля, - зазначыў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана Францішак цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі М’янмы. Літургія прайшла раніцай 16 мая 2021 г. у базыліцы св. Пятра з удзелам бірманскай супольнасці Рыма.

У гаміліі Папа заўважыў, што ў апошнія гадзіны свайго жыцця Езус маліўся. “У балючы момант развітання са сваімі вучнямі і гэтым светам, Езус маліўся за сваіх сяброў. Несучы ў сваім сэрцы і целе ўвесь грэх свету, Ён працягваў любіць нас і маліўся за нас. З малітвы Езуса навучымся таксама і мы перажываць драматычныя і балючыя хвіліны жыцця”, - заклікаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў малітве Хрыста да Айца прысутнічаў дзеяслоў “захаваць”. У сувязі з гэтым ён прапанаваў вернікам паразважаць над тым, што важна захаваць, калі іх дарагая Радзіма пазначана насіллем, канфліктам і рэпрэсіямі.

У першую чаргу, паводле Папы, неабходна захаваць веру, каб не ўпасці пад цяжарам пакут і не трапіць у роспач, уласцівую тым, хто не бачыць выйсця. “Захоўваць веру – значыць скіроўваць позірк да неба, у той час, калі на зямлі ідзе барацьба і праліваецца нявінная кроў. Гэта значыць не паддавацца логіцы нянавісці і помсты, але трываць з позіркам, скіраваным на Бога любові, які кліча нас быць братамі і сёстрамі паміж сабой”, - дадаў ён.

“Малітва адкрывае нас на давер да Бога таксама ў цяжкія моманты, дапамагае нам спадзявацца насуперак усяму, што відавочнае, яна падтрымлівае нас у штодзённай барацьбе. Гэта не ўцяканне, не спосаб збегчы ад праблем. Наадварот, гэта адзіная зброя, якую маем, каб захоўваць любоў і надзею пасярод шматлікіх відаў зброі, якія сеюць смерць. Нялёгка ўзносіць позірк, калі пакутуем, але вера дапамагае нам перамагчы спакусу закрытасці ў сабе! Магчыма, мы хочам пратэставаць, крычаць Богу пра нашы пакуты: мы не павінны баяцца гэтага, гэта таксама малітва. У пэўныя моманты гэта малітва, якую Бог прымае больш, чым іншыя, бо яна нараджаецца ў параненым сэрцы, а Пан заўсёды выслухоўвае крык свайго народу і выцірае яго слёзы. Дарагія браты і сёстры, не пераставайце глядзець увышыню. Захоўвайце веру!”, - заахвоціў Пантыфік.

Іншы аспект – захаваць адзінства. Паводле Францішка, гэта значыць быць супольнасцю, у якой пануюць любоў і братэрства, бо падзелы – смяротная хвароба, якая паходзіць ад д’ябла. “Калі прыватныя інтарэсы, прага прыбытку і ўлады пачынаюць пераважаць, заўсёды ўзнікаюць сутыкненні і падзелы”, - папярэдзіў Святы Айцец, заклікаючы быць сейбітамі міру і братэрства, адбудоўвачы тое, што было падзелена, замест умацавання нянавісці.

Трэцяя парада Францішка – захаваць праўду. Гэта значыць трываць у лучнасці з Хрыстом і прысвяціць сябе Яго Евангеллю. “Праўда, у мове апостала Яна, гэта сам Хрыстус, аб’яўленне любові Айца. Езус маліўся, каб вучні, жывучы ў свеце, не кіраваліся крытэрыямі гэтага свету, каб не далі прывабіць сябе ідаламі, але захоўвалі сяброўства з Ім… Захоўваць праўду – значыць быць прарокамі ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, прысвяціць сябе Евангеллю і быць яго сведкамі, нават коштам таго, што трэба ісці супраць плыні. Часам, мы, хрысціяне, шукаем кампрамісаў, але Евангелле заклікае нас жыць у праўдзе і для праўды, аддаючы наша жыццё за іншых. Там, дзе ёсць вайна, насілле, нянавісць, быць вернымі Евангеллю і будаўнікамі міру, значыць не заставацца ў баку – у тым ліку праз грамадскія і палітычныя рашэнні – рызыкуючы жыццём. Толькі так магчыма штосьці змяніць. Пан не патрабуе людзей, якія ні халодныя, ні гарачыя: Ён хоча, каб мы прысвяцілі сябе праўдзе і прыгажосці Евангелля, каб маглі сведчыць аб радасці Божага Валадарства нават пасярод цёмнай ночы цярпення і тады, калі зло здаецца мацнейшым”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, сёння прагну занесці на алтар Пана пакуты вашага народа і маліцца разам з вамі, каб Бог абярнуў сэрцы ўсіх да міру. Няхай малітва Езуса дапаможа нам захоўваць веру таксама ў складаныя моманты, быць будаўнікамі адзінства, рызыкаваць жыццём дзеля праўды Евангелля. І не губляйце надзеі: Езус і сёння моліцца да Айца і заступаецца за ўсіх нас, каб захаваў нас ад злога і вызваліў ад улады зла”, - сказаў на завяршэнне гаміліі Папа.
 

16 мая 2021, 12:12