Замах на св. Яна Паўла ІІ. 13 мая 1981 г. Замах на св. Яна Паўла ІІ. 13 мая 1981 г. 

Пантыфік нагадаў пра 40-годдзе замаху на св. Яна Паўла ІІ

Цудоўнае ўратаванне жыцця св. Яна Паўла ІІ падчас замаху, нагадвае, што ўсё знаходзіцца ў руках Бога, - сказаў Францішак, заклікаючы вернікаў даверыць Касцёл саміх сябе і ўвесь свет апецы Маці Божай.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Заўтра будзе адзначацца літургічны ўспамін Маці Божай Фацімскай, а таксама 40-годдзе замаху на св. Яна Паўла ІІ”, - падкрэсліў Святы Айцец, вітаючы вернікаў падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 мая 2021 г. прайшла ў ватыканскім Панадворку св. Дамаса.

Папа нагадаў пра глыбокую перакананасць, з якой св. Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што жыццё яму ўратавала Фацімская Панна. “Гэта здарэнне нагадвае нам, што наша жыццё і гісторыя свету заўсёды знаходзяцца ў руках Бога. Даверым Беззаганнаму Сэрцу Марыі Касцёл, саміх сябе і ўвесь свет. Будзе прасіць у малітве аб міры, заканчэнні пандэміі, аб духу пакаяння і нашым навяртанні. Ад усяго сэрца вас благаслаўляю”, - сказаў Францішак.

Замах на св. Яна Паўла ІІ адбыўся 13 мая 1981 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Тэрарыст зрабіў некалькі стрэлаў у Пантыфіка: адна куля трапіла яму ў жывот, а другая ў руку. Папа быў хутка дастаўлены ў шпіталь, дзе яго неадкладна прааперыравалі. Праз 22 дні ён вярнуўся ў Ватыкан. За сваё ўратаванне Ян Павел ІІ заўсёды быў удзячны Багародзіцы – замах адбыўся ў дзень, калі ў Касцёле ўзгадваецца першае аб’яўленне Маці Божай у партугальскім гарадку Фаціма, якое адбылося ў 1917 г. Менавіта туды св. Ян Павел ІІ здзейсніў свой першы візіт пасля выздараўлення.
 

12 мая 2021, 12:25