Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы Уладарка Неба Папа падчас малітвы Уладарка Неба  (Vatican Media)

Святы Айцец: Унебаўшэсце адкрывае таямніцу нашага прызначэння

Прасіць Маці Божую, Уладарку Неба, каб дапамагла нам быць адважнымі сведкамі Уваскрослага ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, - заклікаў Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Нягледзячы на расстанне з Панам, вучні не выглядалі няўцешнымі, але наадварот – былі радаснымі і гатовымі вырушыць у свет, як місіянеры, - заўважыў Папа перад малітвай Уладарка Неба з вернікамі, якія сабраліся на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Пантыфік пракаментаваў евангельскае чытанне на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана (Мк 16,15-20), якая 16 мая 2021 г. адзначаецца ў Італіі і некаторых іншых краінах свету. У ім распавядаецца пра апошнюю сустрэчу ўваскрослага Езуса з вучнямі, перад тым як Ён узышоў да Айца.

“Чаму ж вучні не былі смутнымі? Чаму таксама і мы павінны радавацца, калі бачым як Езус узыходзіць на неба?”, - спытаўся Францішак. Адказваючы на гэта пытанне, ён падкрэсліў, што Унебаўшэсце было завяршэннем “місіі Езуса сярод нас”. “Калі ж Езус сышоў з неба дзеля нас, то таксама дзеля нас Ён узыходзіць”, узносячы з сабой наша чалавечае цела. “У гэтай таямніцы кожны з нас сузірае ўласнае будучае прызначэнне” – дадаў Папа.

Першая прычына радасці, якую нясе Унебаўшэсце, заключаецца ў тым, што Езус не пакінуў нас, а застаўся з намі ў малітве. Ён моліцца да Айца, паказваючы Яму свае раны і гэта павінна напаўняць адчуваннем бяспекі і вялікай радасці. Другая прычына – абяцанне Езуса аб спасланні Святога Духа, які вядзе нас у свет, каб абвяшчалі Евангелле, - сказаў Францішак.

“Дарагія браты і сёстры, у гэта свята Унебаўшэсця, сузіраючы неба, на якое ўзышоў Хрыстус, і дзе сядзіць праваруч Айца, будзем прасіць Марыю, каб дапамагла нам быць у свеце адважнымі сведкамі Уваскрослага ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях”, - завяршыў нядзельнае разважанне Святы Айцец.
 

16 мая 2021, 12:51