Францішак на форуме Агульны стан нараджальнасці Францішак на форуме Агульны стан нараджальнасці 

Францішак падзяліўся ідэямі па выхадзе з дэмаграфічнай зімы

Няўпэўненасць у наяўнасці працы і сродкаў на выхаванне дзяцей, страх жанчын перад работадаўцамі, якія ўспрымаюць цяжарнасць як праблему, – гэта тое, што правакуе дэмаграфічную зіму, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак 14 мая 2021 г. прыняў удзел у інаўгурацыі ініцыятывы Агульны стан нараджальнасці, з якой выступіў італьянскі Форум сямейных таварыстваў для разважання аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Італіі і ў свеце.

Святы Айцец, высока ацаніў ініцыятывы італьянскага ўрада па заканадаўчай падтрымцы сем'яў, у якіх нараджаюцца дзеці, і падзяліўся некалькімі думкамі па выхадзе з драматычнай сітуацыі.

Першая ідэя канцэнтруецца вакол паняцця "дар". Жыццё – гэта "першы дар, які атрымаў кожны з нас". І гэта таксама "першае, пра што мы забываемся", не цэнячы атрыманага ад Бога.

Другая ідэя тычыцца "ўстойлівасці", якая з'яўляецца "ключом да пабудовы лепшага свету". Часта кажуць пра эканамічную, тэхналагічную або экалагічную ўстойлівасць, але нам таксама трэба казаць пра "ўстойлівасць пакаленняў", - заўважыў Францішак.

“Мы не зможам падтрымліваць вытворчасць і ахоўваць навакольнае асяроддзе, калі не будзем клапаціцца пра сем'і і дзяцей. Устойлівы рост пачынаецца адсюль”

, - падкрэсліў Папа.

Нарэшце, ўстойлівасць, паводле Святога Айца, патрабуе душы, якой з’яўляецца салідарнасць. І не проста салідарнасць, а "салідарнасць структурная". Калі "стыхійная і шчодрая" салідарнасць многіх дапамагала сем'ям рухацца наперад у перыяд пандэміі, мы не можам увесь час знаходзіцца "ў надзвычайным становішчы і часовасці", нам трэба надаць стабільнасць структурам, якія падтрымліваюць сем'і і нараджальнасць.

“Нам патрэбныя палітыка, эканоміка, інфармацыя і культура, якія будуць смела садзейнічаць нараджальнасці”

, - перакананы Пантыфік.

Папа заклікаў палітыкаў быць "дальнабачнымі" і не імкнуцца да імгненных выбарчых пераваг. Трэба тэрмінова прапанаваць маладым людзям гарантыі стабільнай занятасці, жылля, стымулы не выязджаць з краіны. Гэта задача тычыцца і свету эканомікі.

"Як выдатна было б назіраць павелічэнне колькасці прадпрымальнікаў і фірмаў, якія акрамя вытворчасці тавараў падтрымліваюць жыццё, не эксплуатуюць людзей з невыноснымі ўмовамі і графікамі, дзеляць частку прыбытку з рабочымі", - звярнуў увагу Францішак, выступаючы ў рымскім канцэртным зале Auditorium della Conciliazione.

Паводле пераканання Папы, усе гэтыя ідэі тычыцца многіх краін, якія часта "багатыя рэсурсамі, але бедныя надзеяй".
 

14 мая 2021, 14:04