Пошук

Агульная аўдыенцыя: мець веру і маліцца з пакорай

Зло пануе ў перадапошні дзень, але не ў апошні, бо ён належыць выключна Богу. Трэба навучыцца пакорнаму і цярпліваму чаканню ласкі Пана, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сітуацыям, калі здаецца, што Бог не чуе чалавечай малітвы, прысвяціў сваю катэхезу Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 мая 2021 г. прайшла ў Панадворку св. Дамаса ў Ватыкане.

Францішак заўважыў, што часам, калі молімся, нашы малітвы здаюцца не выслуханымі, а тое, аб чым прасілі – для нас ці для іншых людзей – не спаўняецца. Калі ж інтэнцыя, у якой молімся, з’яўляецца высакароднай (напрыклад здароўе для хворага ці спыненне вайны), яе непачутасць нам здаецца ўвогуле абуральнай. У такіх сітуацыях нават здараецца, што людзі зусім перастаюць маліцца.

“Калі Бог – Айцец, чаму ж не выслухоўвае нас? Ён, які абяцаў даць усё добрае дзецям, якія будуць прасіць Яго, чаму не адказвае на нашы просьбы?”, - спытаў Папа.

Адказваючы на гэтыя пытанні Пантыфік спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які звяртае ўвагу на небяспеку разумення адносін з Богам як нечага магічнага, нібыта не мы павінны служыць Богу, а Ён павінен служыць нам. У такім выпадку чалавек, які моліцца, не прымае задумаў, што не адпавядаюць яго жаданням.

“Езус жа меў вялікую мудрасць, укладаючы ў нашы вусны малітву Ойча наш”, - сказаў Францішак, заўважаючы, што ў першую чаргу яна вучыцць прасіць аб спаўненні менавіта Божай волі адносна свету. “Лепш дазволіць дзейнічаць Яму: “Свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў словы апостала Паўла, які сцвярджаў, што мы не ведаем аб чым трэба маліцца. “Калі молімся, мы павінны быць пакорнымі, каб нашы словы былі па-сапраўднаму словамі малітвы, а не пустаслоўем, якога Бог не прымае. Можна таксама маліцца ў памылковых інтэнцыях: напрыклад, аб перамозе над ворагам у вайне, не пытаючыся пра тое, што думае Бог пра гэту вайну. Лёгка напісаць на штандары “З намі Бог”; многія імкнуцца запэўніць, што Бог з імі, але нямногія намагаюцца спраўдзіць, ці яны па-сапраўднаму з Богам”, - сцвердзіў Пантыфік.

“У малітве менавіта Бог павінен змяніць нас, а не мы павінны змяніць Бога. Патрэбна пакора: я іду маліцца, але Ты, Пане, змяні маё сэрца, каб прасіў пра карыснае, пра тое, што будзе лепшым для майго духоўнага здароўя”, - дадаў ён.

“Калі ж людзі моляцца з шчырым сэрцам, калі просяць аб ласках, якія адпавядаюць Божаму Валадарству, калі мама моліцца за хворае дзіця, чаму часам здаецца, што Бог не слухае? Каб адказаць на гэта пытанне, трэба спакойна паразважаць над Евангеллем”, - параіў Папа.

Францішак нагадаў, што ў апавяданнях пра жыццё Езуса часта гаворыцца пра малітву: “шмат людзей з параненымі целамі і душамі прасілі Яго аб аздараўленні; здаралася, што нехта прасіў Яго за сябра, які больш не хадзіў; былі бацькі і маці, якія прыводзілі да Яго хворых дзяцей... Усе гэтыя малітвы прасякнуты пакутамі. Гэта вялізарны хор, які ўсклікае: “Злітуйся над намі”.

“Мы бачым, што часам Езус адказвае неадкладна, а ў іншых выпадках, Яго адказ расцягнуты ў часе: здаецца, што Бог не адказвае. Падумаем пра канаанскую жанчыну, якая прасіла Езуса за дачку: гэта жанчына павінна была доўга настойваць, каб быць пачутай... Падумаем пра паралізаванага, якога прынеслі чатыры сябры: спачатку Езус прабачыў яго грахі і толькі потым аздаравіў яго цела”, - заўважыў Папа.

“Такім чынам у некаторых сітуацыях вырашэнне драмы не з’яўляецца імгненным. Таксама ў нашым жыцці, кожны з нас меў такі досвед”, - дадаў ён.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на гісторыю пра аздараўленне дачкі Яіра. Настаўнік адразу пагадзіўся вярнуць ёй здароўе, але па дарозе здзейсніў іншае аздараўленне, а потым прыйшла навіна пра тое, што дзяўчынка ўжо памерла. “Здаецца, што гэта быў канец, але Езус сказаў бацьку: “Не бойся, толькі вер!”. “Працягвай верыць”: менавіта вера падтрымлівае малітву. І сапраўды, Езус абудзіў гэту дзяўчынку ад смяротнага сну. Але на працягу пэўнага часу Яір павінен быць ісці ў цемры, маючы толькі агеньчык веры”, - зазначыў Францішак.

“Малітва, якую Езус узносіў да Айца ў Гефсеманіі, здаецца таксама засталася непачутай... Сын павінен быў выпіць келіх мукі да дна. Але Вялікая субота не была апошняй главой, бо на трэці дзень, у нядзелю, адбылося ўваскрасенне... Зло пануе ў перадапошні дзень..., бо апошні належыць выключна Богу, гэта дзень, калі споўняцца ўсе чалавечыя прагненні збаўлення. Навучымся гэтаму цярпліваму і пакорнаму чаканню ласкі Пана, чаканню апошняга дня. Вельмі часта перадапошні дзень вельмі кепскі, таму што вельмі кепскія чалавечыя пакуты. Але Пан ёсць і ў апошні дзень вырашыць усё”, - запэўніў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.
 

26 мая 2021, 10:34

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >