Vatican News
Падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане Падчас Імшы Хрызма ў Ватыкане  (Vatican Media)

Папа да святароў: плённасць абвяшчэння Евангелля – у сіле крыжа

"Абвяшчэнне Евангелля вынікае не з нашых красамоўных слоў, але з сілы крыжа", - нагадаў Святы Айцец 1 красавіка 2021 г. падчас Імшы Хрызма, якую правёў на Алтары катэдры ватыканскай базылікі.

Францішку саслужылі: кардынал Анджэла Дэ Данаціс, яго Вікарый для Рымскай дыяцэзіі, іншыя члены Калегіі кардыналаў і члены Святарскай рады Рымскай дыяцэзіі. Падчас Эўхарыстыі духавенства аднавіла свае святарскія абяцанні, а Папа благаславіў алеі хворых, катэхуменаў і хрызма, якія выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго года пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, пасвячэння і хворых.

Францішак спаслаўся на прачытаны падчас літургіі ўрывак Евангелля св. Лукі (4, 16-21) і адзначыў, што слова Езуса мае сілу высветліць тое, што мы нясём у сваім сэрцы і што звычайна ўяўляе сабой сумесь, падобную на пшаніцу і куколь. Ён падкрэсліў, што гадзіна радаснага абвяшчэння і гадзіна пераследу і крыжа звязаны паміж сабой.

“Добрае насенне, пасеянае ў полі, прыносіць плён – сто, шэсцьдзясят, трыццаць разоў, - але гэта прыводзіць ворага да рэўнасці, таму ён апантана сее куколь уначы”

, - адзначыў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што прапаведаванне Добрай Навіны таямніча звязана з пераследам і крыжам. Але крыж не з'яўляецца выпадковай акалічнасцю, якая ўзнікае ў жыцці Хрыста ў выніку супадзення. “У крыжы няма двухсэнсоўнасці! Аб крыжы нельга дамовіцца”, - заўважыў Францішак. Ён дадаў, што на крыжы можна адчуць укус змея, які, карыстаючыся бездапаможнасцю ўкрыжаванага, спрабуе атруціць і дыскрэдытаваць усю яго працу.

Але ў гэтым укусе праяўляецца таксама Божы трыумф. “У прапаведаванні Евангелля ёсць крыж, гэта праўда, але гэта крыж, які збаўляе. Насычаны крывёю Езуса, ён з'яўляецца крыжам з сілай перамогі Хрыста, Які перамагае зло і вызваляе нас ад злога. Прыняцце яго разам з Езусам і так, як рабіў гэта Ён, нават "перш чым" пойдзем прапаведаваць, дазваляе нам распазнаць і адкінуць спакусу, якой д'ябал паспрабуе нас атруціць, калі крыж нечакана з'явіцца ў нашым жыцці”, - адзначыў Святы Айцец. Папа заклікаў святароў не паддавацца супярэчнасцям у прапаведаванні Добрай Навіны.

“Не варта абурацца таму, што абвяшчэнне Евангелля вынікае не з нашых красамоўных слоў, а з сілы крыжа”

, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу святароў на той факт, што "пакуты, якія нам прыносіць Евангелле, не з'яўляюцца нашымі ўласнымі пакутамі, але "цярпеннямі Хрыстовымі ў нас" (2 Кар 1, 5), бо "мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста", з'яўляючыся "слугамі дзеля Езуса" (2 Кар 4, 5).

У канцы, спасылаючыся на свой жыццёвы досвед, Францішак адзначыў, што “Пан заўсёды дае нам тое, аб чым просім, але па-Божаму – і гэты шлях звязаны з крыжам”.
 

01 красавіка 2021, 12:32