Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец пракаментаваў сітуацыю ў Парагваі і М’янме

Пра самаразбуральнасць насілля нагадаў Папа, кажучы пра сітуацыю ў Парагваі і М’янме, дзе палітычныя пратэсты прывялі да кровапраліцця і гібелі людзей.

“На працягу гэтага тыдня я быў усхваляваны навінамі, якія прыходзяць з Парагваю”, - заўважыў Пантыфік на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 сакавіка 2021 г. у Ватыкане.

Каментуючы гвалтоўныя сутыкненні паміж антыўрадавымі дэманстрантамі і паліцыяй, Папа запэўніў у малітве аб распачацці дыялогу ў краіне, “каб можна было знайсці адпаведныя для актуальных цяжкасцей рашэнні і такім чынам будаваць доўгачаканы мір”. “Будзем памятаць, што насілле заўсёды самаразбуральнае. З ім мы нічога не набываем, але шмат губляем”, - сказаў Францішак.

Пантыфік таксама з вялікім смуткам узгадаў пра драматычную сітуацыю ў М’янме, “дзе шмат людзей, у першую чаргу маладых, аддаюць жыццё дзеля таго, каб падарыць сваёй краіне надзею”. “І я стаю на каленях на вуліцах М’янмы і кажу: няхай спыніцца насілле! І я ўздымаю свае рукі і кажу: няхай возьме верх дыялог! Кроў не вырашае нічога! Няхай возьме верх дыялог!”, - сказаў Святы Айцец.
 

17 сакавіка 2021, 12:18