Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пасланне на Дзень пакліканняў: св. Юзаф – прыклад для кожнага

Праз сваё звычайнае жыццё св. Юзаф рэалізаваў надзвычайную ў вачах Бога справу, - заўважыў Пантыфік у пасланні на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, якое было абнародавана 19 сакавіка 2021 г.

Папа падкрэсліў, што сведчанне Абранніка Панны Марыі кажа пра пакліканне кожнага чалавека. У Евангеллі няма ніводнага яго слова. Але Бог глядзіць глыбока, і ў асобе святога Ён “распазнаў сэрца бацькі, здольнага даваць і ствараць жыццё ў штодзённасці”. Вось мэта паклікання: штодзённа ствараць і адраджаць жыццё, - перакананы Папа.

“Пан прагне фарміраваць бацькоўскія і мацярынскія сэрцы: сэрцы адкрытыя, здольныя да вялікага энтузіязму, шчодрыя ў дары сябе, спагадлівыя ў суцяшэнні трывог і моцныя ва ўмацаванні надзеі. Гэтага патрабуе святарства і кансэкраванае жыццё, асабліва сёння, у часы, пазначаныя ўразлівасцю і пакутамі, выкліканымі ў тым ліку пандэміяй, якая стварыла няўпэўненасць і страх перад будучыняй і сэнсам жыцця. Св. Юзаф выходзіць нам насустрач са сваёй сціпласцю, як святы, што жыве па суседству; і адначасова яго моцнае сведчанне можа зарыентаваць нас на шляху”, - напісаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што прыклад асобы св. Юзафа дапамагае марыць, а мары непарыўна звязаны з любоўю, бо яна дазваляе рэалізавацца ў жыцці і адкрывае яго таямніцу – мы жывём, калі дорым наша жыццё.

Св. Юзаф зрабіў са свайго жыцця дар, дзякуючы марам, якія ўказвалі яму шлях. Ён меў пільнае “ўнутранае вуха”, і яму было дастаткова толькі невялікага знаку, каб распазнаць Божы голас і пайсці за ім. Пантыфік нагадаў, што Бог не аддае перавагу грандыёзным аб’яўленням, не фарсіруе нашу свабоду. Ён прамаўляе з лагоднасцю, набліжаецца да нас, прамаўляе праз нашы думкі і пачуцці. Каб адказаць на Яго голас, патрэбна мужнасць св. Юзафа.

“Не бывае веры без рызыкі. Толькі з даверам аддаючыся ласцы, адмаўляючыся ад сваіх планаў і камфорту, можна па-сапраўднаму сказаць Богу “так”. І кожнае “так” прыносіць плён, бо злучаецца з яшчэ большай задумай, у якой мы заўважаем толькі дэталі, але якую Боскі Мастак ведае і рэалізуе, каб зрабіць з кожнага жыцця шэдэўр”, - напісаў Святы Айцец.

Іншы аспект асобы св. Юзафа – гэта служэнне. Абаронца Марыі і Езуса не баяўся выходзіць насустрач новым выклікам, не наракаў, быў чалавекам адкрытым, жыў, каб служыць іншым.

“Можна сказаць, што ён стаў рукой, працягнутай Нябесным Айцом да Яго Сына на зямлі. Такім чынам, ён не можа не быць прыкладам для ўсіх відаў паклікання, якія існуюць, каб быць дзейснымі рукамі Айца для яго сыноў і дачок”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што св. Юзаф рэалізаваў сваё пакліканне праз клопат аб Марыі і Езусе. “Які цудоўны прыклад хрысціянскага жыцця мы даём, калі не рэалізуем з упартасцю ўласныя амбіцыі і не дазваляем нашай настальгіі паралізаваць нас, але клапоцімся пра тое, што Пан даверыў нам праз Касцёл! Тады Бог вылівае свайго Духа, сваю крэатыўнасць на нас, і чыніць цуды, як у асобе св. Юзафа”, - дадаў Папа.

Св. Юзаф быў чалавекам верным, які ў дзейсным маўчанні штодзённа выконваў волю Пана. Таксама і пакліканне кожнага чалавека сталее праз штодзённую вернасць, якая грунтуецца на даверы да Бога, Які заклікае не баяцца.

Францішак заўважыў, што словы “не бойся” Бог паўтарае кожнаму чалавеку, калі паміж няўпэўненасцю і сумневамі ён адчувае неадкладнае жаданне падарыць сваё жыццё Пану; калі пасярод выпрабаванняў і непаразумення змагаецца, каб штодзённа выконваць Яго волю; гэта словы, якія як рэфрэн суправаджаюць тых, хто сваім жыццём кажа Богу “так”.

Штодзённая вернасць Пану – гэта таямніца радасці. “Як цудоўна было, калі б гэта простая і ззяючая атмасфера, сціплая і поўная надзеі, пранізвала нашы семінарыі, нашы манаскія супольнасці, нашы парафіі!”, - падзяліўся сваім жаданнем Святы Айцец.

Завяршаючы пасланне, Папа пажадаў радасці ўсім, хто зрабіў Бога марай свайго жыцця, каб служыць Яму ў братах і сёстрах, праз вернасць, якая ўжо сама па сабе з’яўляецца сведчаннем у эпоху, пазначаную часовымі рашэннямі і эмоцыямі, якія прамінаюць не пакідаючы радасці.

Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях быў устаноўлены Паўлам VI у 1964 г. і адзначаецца ў 4-ю Велікодную нядзелю. Сёлёта гэта – 25 красавіка.
 

19 сакавіка 2021, 13:33