Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Уры Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Уры 

Папа ў Ур Халдэйскім: варожасць – здрада рэлігіі

Нашым адзіным ворагам павінна быць варожасць, - падкрэсліў Пантыфік падчас міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла 6 сакавіка 2021 г. на тэрыторыі старажытнага Ур у Іраку.

“Гэта месца вяртае нас да каранёў, да вытокаў Божай дзейнасці, да нараджэння нашых рэлігій. Тут, дзе жыў наш айцец Абрагам, здаецца, мы нібыта вяртаемся дамоў. Тут ён пачуў заклік Бога, адсюль адправіўся ў падарожжа, якое змяніла гісторыю. Мы – плён гэтага закліку і гэтага вандравання”, - пачаў сваю прамову Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў Ур Бог сказаў Абрагаму паглядзець на неба і палічыць зоркі, “а сёння мы, юдэі, хрысціяне і мусульмане, разам з братамі і сёстрамі іншых рэлігій аддаём пашану айцу Абрагаму, ідучы за ім: мы глядзім на неба і крочым па зямлі”.

Святы Айцец заўважыў, што зоркі асвятляюць нават самыя цёмныя ночы, бо ззяюць разам, таму неба нясе нам пасланне адзінства. “Калі ёсць жаданне захаваць братэрства, мы не павінны губляць з поля зроку неба. Мы, нашчадкі Абрагама, якія прадстаўляем розныя рэлігіі, перш за ўсё адчуваем абавязак дапамагчы нашым братам і сёстрам узняць позірк і малітву да Неба”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што сапраўдная рэлігійнасць заключаецца ва ўшанаванні Бога і любові да бліжняга, таму самае вялікае блюзнерства – гэта абраза імя Бога праз нянавісць да брата. “Варожасць, экстрэмізм і насілле не натхняюцца рэлігіяй – гэта здрада рэлігіі”, - дадаў ён.

Тэрарызм знішчыў многія аб’екты рэлігійнай спадчыны на поўначы Ірака, але сёння многія маладыя мусульмане і хрысціяне разам адбудоўваюць разбураныя святыні, аднаўляючы братэрскія адносіны на руінах нянавісці, - заўважыў Францішак, звяртаючы ўвагу на важнасць супрацоўніцтва і ўзаемнай дапамогі.

“Падчас бур, якія перажываем, нас уратуе не ізаляцыя, не гонка ўзбраенняў і не будаванне муроў. Наадварот, ад гэтага мы будзем аддаляцца адно ад аднаго і станавіцца яшчэ больш азлобленымі. Неба ўказвае нам іншы шлях – шлях міру. Гэты шлях пачынаецца з адмовы мець ворагаў. Нашым адзіным ворагам з’яўляецца варожасць”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Мы, сучаснае чалавецтва, і перш за ўсё мы, вернікі ўсіх рэлігій, пакліканы ператварыць зброю нянавісці ў зброю міру; пакліканы з моцай заклікаць кіраўнікоў народаў, каб гонка ўзбраенняў саступіла дарогу размеркаванню прадуктаў харчавання паміж усімі; пакліканы спыніць узаемныя абвінавачванні, каб даць голас прыгнечаным і забытым жыхарам планеты: вельмі многія пазбаўлены хлеба, лекаў, адукацыі, правоў і годнасці!”, - сказаў Папа.

Завяршаючы прамову, Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў рэлігій, прысутных у Іраку, да канкрэтных крокаў узаемнага знаёмства, пераадолення ран мінулага, братэрскай гасціннасці і міру.

Пасля міжрэлігійнай сустрэчы Папа накіраваўся ў аэрапорт у Насірыі, адкуль вылецеў назад у Багдад. У другой палове дня ён будзе цэлебраваць св. Імшу ў сталічным катэдральным касцёле.
 

06 сакавіка 2021, 11:07