Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў курса для спаведнікоў Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў курса для спаведнікоў 

Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі курса для спаведнікоў

Францішак сустрэўся з удзельнікамі курса для спаведнікоў, арганізаванага ўжо ў 31-ы раз Апостальскай пэнітэнцыярыяй. Сёлета ён прайшоў цалкам у інтэрнэце з прычыны пандэміі.

Папа спыніўся на трох выразах, якія, на яго думку, добра тлумачаць значэнне сакрамэнту паяднання: "аддацца Любові", "дазволіць перамяніцца Любоўю", "адпавядаць Любові".

Аддацца Любові – гэта сапраўдны акт веры. Вера ніколі не можа быць зведзена да спісу паняццяў або шэрагу сцвярджэнняў (...). Вера выяўляецца і разумеецца ў адносінах: адносінах паміж Богам і чалавекам і паміж чалавекам і Богам у адпаведнасці з логікай закліку і адказу: Бог кліча, чалавек адказвае. Вера – гэта сустрэча з Міласэрнасцю, з самім Богам, Які ёсць Міласэрнасцю, каб кінуцца ў абдымкі гэтай Таямнічай і шчодрай Любові, якая нам так патрэбна, але якой мы часам баімся”, - патлумачыў Пантыфік.

Вопыт вучыць, звярнуў увагу Францішак, што той, хто не аддаецца Божай любові, рана ці позна аддае сябе нечаму іншаму, аказваючыся "ў абдымках" мірскога мыслення, якое ў выніку прыносіць горыч, сум і адзіноту. Тады першы крок да добрай споведзі – гэта менавіта акт веры, адданасці, з якой той, хто каецца, набліжаецца да Міласэрнасці. Спаведнік павінен разумець, што “боль з прычыны грахоў – гэта знак даверлівай адданасці Любові”.

Жывая споведзь, працягнуў Святы Айцец, дазваляе чалавеку перамяніцца Любоўю. “Мы добра ведаем, што ратуюць не законы: чалавек змяняецца не дзякуючы шэрагу сухіх прадпісанняў, а дзякуючы захапленню Любоўю, прынятай і бязвыплатна прапанаванай. Гэта Любоў, якая цалкам праявілася ў Езусе Хрысце і ў Яго смерці на крыжы для нас”, - сказаў Папа. Добры спаведнік павінен убачыць цуд перамены, заўважыць працу Ласкі ў сэрцы таго, хто каецца, максімальна спрыяючы пераўтваральнаму дзеянню, - дадаў ён.

Адпавядаць Любові – гэта жаданне і ўменне прабачыць сваім братам ад сэрца. Той, каму дараваў Бог, не можа не паступіць так жа ў адносінах да іншых. “Гэта праўда, што мы ніколі не зможам цалкам адпавядаць Боскай любові з прычыны непераадольнай розніцы паміж Створцам і стварэннем, але гэтак жа дакладна, што Бог указвае нам на любоў, у якой можна жыць гэтай немагчымай адпаведнасцю: любоў да брата”, - заўважыў Францішак.

Добры спаведнік, дадаў ён, заўсёды звяртае ўвагу, нараўне з першынством Божай любові, на любоў да бліжняга, як “штодзённую пляцоўку для выхавання любові да Бога”.

Цэлебрацыя сакрамэнту паяднання становіцца як для пэнітэнта, так і для спаведніка спосабам асвячэння, школай веры, адданасці, перамены і адпаведнасці міласэрнай любові Айца, - падсумаваў Папа.
 

12 сакавіка 2021, 12:53