Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік: Дух Святы – унутраны Настаўнік хрысціянскай малітвы

Гісторыю Касцёла і свету піша Дух Святы, а мы з’яўляемся “разгорнутымі старонкамі, гатовымі на прыняцце Яго запісаў”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 17 сакавіка 2021 г.

Францішак завяршыў цыкл катэхетычных разважанняў аб малітве як адносінах з Найсвяцейшай Тройцай.

Дух Святы, падкрэсліў Папа, з’яўляецца “першым дарам кожнага хрысціянскага жыцця”: не адным са шматлікіх дароў, але “фундаментальным Дарам”. “Без Духа Святога няма стасункаў з Хрыстом і Айцом, таму што Дух Святы адкрывае нашыя сэрцы на Божую прысутнасць і прыцягвае іх у вір любові, якім з’яўляецца сэрца самога Бога”, - сказаў Францішак.

Па словах Пантыфіка, Дух Святы “нагадвае нам пра Езуса і робіць Яго прысутным у нас”. “Калі б Хрыстус быў толькі аддаленым у часе, мы былі б самотнымі і заблукалымі ў свеце. Аднак у Духу Святым усё ажыўляецца: хрысціянам усіх часоў і месцаў адкрыта магчымасць на сустрэчу з Хрыстом”, - сцвердзіў Францішак.

Па яго словах, такі досвед зазнала мноства людзей і сустрэць іх – гэта сапраўдная Божая ласка, бо “ў іх пульсуе іншае жыццё, іх позірк сягае “па-за”. “Гэтыя пакорныя сведкі шукалі Бога ў Евангеллі, у прынятай і адараванай Эўхарыстыі, у твары брата ў патрэбе, і захоўваюць Божую прысутнасць як таямнічы агонь”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа перакананы, што менавіта захаванне жывым гэтага агню – “Божай Любові, Духа Святога” – з’яўляецца “першым заданнем хрысціян”. “Без агню Духа Святога прароцтвы згасаюць, радасць выцясняецца самотай, любоў замяняецца звычкай, служэнне ператвараецца ў нявольніцтва”, - сказаў ён.

Спаслаўшыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Францішак нагадаў, што “Дух Святы, чыё намашчэнне насычае ўсё нашае існаванне, – гэта ўнутраны Настаўнік хрысціянскай малітвы. Гэта майстар жывой традыцыі малітвы. Несумненна, існуе столькі спосабаў малітвы, колькі ёсць тых, хто моліцца, але адзін і той жа Дух Святы дзейнічае ва ўсіх і з усімі. Менавіта ў адзінстве з Духам Святым хрысціянская малітвы становіцца малітвай Касцёла” (2672).

Такім чынам, падсумаваў Пантыфік, гісторыю Касцёла і свету піша Дух Святы.

“Мы з’яўляемся разгорнутымі старонкамі, гатовымі на прыняцце Яго запісаў. У кожным з нас Дух Святы чыніць арыгінальныя справы, бо няма хрысціяніна, абсалютна падобнага да іншага. На бязмежным полі святасці, адзіны Бог, Тройца Любові, дазваляе квітнець разнастайнасці сведкаў: роўных з пункту гледжання годнасці, аднак непаўторных у прыгажосці, якая па волі Духа Святога выпраменьвае з кожнага, каго Божая міласэрнасць учыніла Яго дзіцём”, - сказаў Францішак.
 

17 сакавіка 2021, 10:31