Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: Марыя нязменна прысутная ў жыцці кожнага чалавека

Звернутыя да Марыі малітвы не бываюць марнымі, запэўніў папа Францішак усіх вернікаў падчас агульнай аўдыенцыі 24 сакавіка 2021 г. у Ватыкане.

Напярэдадні ўрачыстасці Звеставання Пана, якая адзначаецца ў Касцёле 25 сакавіка, Францішак прысвяціў сваю катэхезу малітве ў лучнасці з Марыяй.

Папа заўважыў, што “галоўны шлях хрысціянскай малітвы – гэта чалавечая натура Езуса” і што “давер, уласцівы хрысціянскай малітве, не меў бы сэнсу, калі б Слова не сталася целам, адарыўшы нас у Духу Святым сваімі сыноўнімі стасункамі з Айцом”.

“Хрыстус з’яўляецца Пасрэднікам, мостам, па якім мы праходзім, каб звярнуцца да Айца. Кожная малітва, якую ўзносім да Бога, ёсць малітвай праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце і адбываецца дзякуючы Яго заступніцтву. (…) З адзінага пасрэдніцтва Хрыста набываюць сэнс і каштоўнасць іншыя звароты, якія хрысціянін знаходзіць для сваёй малітвы і прысвячэння, першым сярод якіх з’яўляецца Дзева Марыя”, - перакананы Святы Айцец.

Папа заўважыў, што ў хрысціянскай іканаграфіі прысутнасць Марыі паўсюдная. “Яе рукі, вочы, пастава з’яўляюцца жывым “катэхізісам” і заўсёды ўказваюць на аснову, на цэнтр: на Езуса. Марыя цалкам звернута да Яго”, - падкрэсліў Францішак.

Місія Марыя, якую Яна выконвала на працягу зямнога жыцця і якую захавала назаўсёды, – “быць пакорнай слугой Пана”. У Святым Пісанні, заўважыў Папа, у пэўным моманце Яна амаль знікае, аднак з’яўляецца ізноў пры найбольш важных падзеях.

Таксама і ў жыцці кожнага чалавека Яна нязменна прысутная. Марыя побач з кожным, хто апынуўся ў самоце або быў усімі пакінуты. Яна заўсёды побач з тымі, хто адыходзіць з гэтага свету. У часы пандэміі Марыя прысутная там, дзе людзі заканчваюць свой зямны шлях ва ўмовах ізаляцыі, пазбаўленыя суцяшэння блізкіх.

“Звернутыя да Яе малітвы не бываюць марнымі. Жанчына, якая адказала “так”, якая з гатоўнасцю прыняла запрашэнне Анёла, адказвае і на нашыя маленні, выслухоўвае нашыя галасы, нават тыя, што застаюцца замкнёнымі ў сэрцы, пазбаўленыя сілы, каб вызваліцца, якія, аднак, Бог ведае лепш за нас саміх”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Марыя ахоўвае нас у небяспецы, клапоціцца пра нас, нават калі мы занятыя ўласнымі справамі і губляем сэнс шляху, рызыкуючы не толькі нашым здароўем, але і збаўленнем. Марыя – там, каб маліцца за нас, каб маліцца за тых, хто не моліцца. Таму што Яна – нашая Маці”, - заключыў Францішак.
 

24 сакавіка 2021, 10:25