Францішак падчас Імшы ў XXV Дзень кансэкраванага жыцця Францішак падчас Імшы ў XXV Дзень кансэкраванага жыцця 

Папа да кансэкраваных асоб: нам патрэбна мужнае цярпенне

Папа заахвоціў кансэкраваных асоб выхоўваць цярпенне ў асабістым і супольнасным жыцці. Ён узначаліў 2 лютага 2021 г. св. Імшу ў свята Ахвяравання Пана і XXV Дзень кансэкраванага жыцця.

Францішак прывёў прыклад цярплівасці старога Сімяона, якая адлюстроўвае цярплівасць Бога. “Бог нястомна чакае нас. Калі мы аддаляемся, Ён выходзіць шукаць нас; калі мы падаем на зямлю, ён падымае нас; калі мы вяртаемся да Яго, згубленыя, Ён чакае нас з распасцёртымі абдымкамі. Яго любоў не вымяраецца маштабамі нашых чалавечых разлікаў, але заўсёды надае нам мужнасці пачаць усё спачатку”, - звярнуў увагу Папа.

Пантыфік заахвоціў сабраных у ватыканскай базыліцы развіваць цярпенне ў асабістым манаскім жыцці: “Мы павінны быць цярплівымі да сябе і з упэўненасцю чакаць часу і спосабаў, у якія і якімі Бог будзе дзейнічаць”, - заклікаў ён. Гаворачы пра жыццё ў супольнасці, Францішак заахвоціў законнікаў “браць на сябе жыццё брата і сястры, нават з яго слабасцямі і недахопамі”. Нарэшце, кажучы пра цярплівасць да свету, ён перасцярог ад схільнасці скардзіцца і адзначыў, што часам “цярплівасцю, з якой Бог апрацоўвае глебу гісторыі і нашы сэрцы, мы супрацьстаім нецярплівасці тых, хто судзіць пра ўсё адразу”.

“Мы не можам настальгіраваць па мінулым або абмежавацца паўтарэннем звыклых рэчаў. Нам патрэбна мужнае цярпенне, каб ісці, адкрываць новыя шляхі, шукаць тое, што нам прапануе Дух Святы. Давайце падумаем пра цярплівасць Бога і памолімся аб такой жа даверлівай цярплівасці, якую меў Сімяон, каб нашы вочы ўбачылі святло збаўлення і неслі яго на ўвесь свет”, - заклікаў Святы Айцец, завяршаючы гамілію.
 

03 лютага 2021, 10:19