Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец адведаў Эдыт Брук – паэтэсу і сведку Халакоста

20 лютага 2021 г. Папа здзейсніў візіт да 89-гадовай яўрэйскай паэтэсы венгерскага паходжання Эдыт Брук, якая ў гады Другой сусветнай вайны спазнала жах некалькіх нацысцкіх лагераў смерці.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што сустрэча прайшла ў доме Брук у Рыме. Падчас гутаркі з Папам яна “распавяла пра светлыя моманты, якімі быў усеяны пякельны досвед канцэнтрацыйных лагераў, падзялілася страхамі і спадзяваннямі, звязанымі з часам, у якім мы жывём, а таксама падкрэсліла важнасць памяці і ролю пажылых людзей у яе захаванні і перадачы моладзі”.

Пантыфіка суправаджаў дырэктар “L’Osservatore Romano” Андрэа Мондзі. 26 студзеня 2021 г. на старонках гэтай газеты было змешчана інтэрв’ю з Эдыт Брук. Яно было прымеркавана да Дня памяці ахвяр Халакосту. Інтэрв’ю зрабіла вялікае ўражанне на Святога Айца і ён захацеў асабіста сустрэцца з яго гераіняй.

Папа падарыў Брук мінору і асобнік Вавілонскага Талмуда. Сустрэча працягвалася каля гадзіны, пасля чаго Францішак вярнуўся ў Ватыкан.

Эдыт Брук нарадзілася ў 1931 г. у венгерскай вёсцы Цішаберцэль, недалёка ад мяжы з Украінай. У 1944 г. разам з бацькамі, двума братамі і сястрой трапіла ў “Аўшвіц”, дзе загінула яе маці. Затым яе сям’я была дэпартавана ў “Дахаў”, дзе загінуў яе бацька. Потым яны трапілі ў “Крысціянштад” і нарэшце ў “Бэрген-Бэльсэн”, дзе ў 1945 г. былі вызвалены саюзнікамі. У канцэнтрацыйных лагерах загінуў таксама адзін з яе братоў.

З 1954 г. Эдыт Брук жыве ў Рыме. Яна займалася тэатральным мастацтвам, перакладала на італьянскую мову творы венгерскіх паэтаў, працавала на дзяржаўным італьянскім тэлебачанні “RAI”. Яе ўласныя вершы перакладзены на многія мовы свету.
 

21 лютага 2021, 07:58