Інтэнцыя Папы: маліцца за жанчын – ахвяр насілля

Маліцца за жанчын, якія сталі ахвярамі насілля, - заклікаў Пантыфік на працягу лютага. Малітоўную інтэнцыю ён агучыў у відэароліку, які быў распаўсюджаны Сусветнай сеткай малітвы.

“У нашы дні ёсць жанчыны, якія пакутуюць ад насілля: псіхалагічнага, вербальнага, фізічнага, сексуальнага. Уражвае колькасць жанчын, якія былі збіты, абражаны, згвалтаваны”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што “розныя формы злоўжыванняў, ад якіх пакутуе шмат жанчын, гэта ганьба і дэградацыя для ўсяго чалавецтва. Для мужчын і ўсяго чалавецтва”. “Сведчанні ахвяр, якія асмеліліся парушыць маўчанне, гэта крык аб дапамозе, які не можам ігнараваць. Мы не можам глядзець у іншы бок”, - дадаў Святы Айцец.

“Будзем маліцца за жанчын – ахвяр насілля, каб іх ахоўвала грамадства, а іхнія пакуты былі заўважаны і выслуханы ўсімі”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Пантыфік.
 

01 лютага 2021, 17:00