Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пасланне Папы на Вялікі пост: аднавіць веру, надзею і любоў

Перажыць Вялікі пост у духу беднасці і добраахвотных абмежаванняў, сыноўскай блізкасці з Богам і міласэрнай любові да людзей, - заклікаў Францішак.

12 лютага 2021 г. у Ватыкане было абнародавана пасланне Святога Айца на Вялікі пост. Яго тэма: “Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем...” (Мц 20, 18). Вялікі пост – час аднавіць веру, надзею і любоў”.

Папа заўважыў, што “абвяшчаючы сваім вучням муку, смерць і ўваскрасенне, як спаўненне волі Айца, Езус паказаў ім глыбокі сэнс сваёй місіі і заклікаў далучыцца да яе, дзеля збаўлення свету”. Хрысціяне прыходзяць да Пасхі шляхам Вялікага посту. У гэты благаслаўлёны час мы аднаўляем нашу веру, чэрпаем “жывую ваду” надзеі і прымаем з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая перамяняе нас у братоў і сясцёр у Хрысце.

Пантыфік падкрэсліў, што ўмовамі і выразам нашага пакаяння з’яўляюцца пост –“шлях беднасці і нягодаў”, міласціна – “позірк на параненага чалавека і жэсты любові да яго”, а таксама малітва – “сыноўскі дыялог з Айцом”. Гэтыя правілы “дазваляюць нам уцелавіць шчырую веру, жывую надзею і дзейсную любоў”, - дадаў ён.

Вера кліча нас прыняць Праўду і стаць яе сведкамі перад Богам і перад усімі нашымі братамі і сёстрамі.

Францішак зазначыў, што Праўда – не плён “інтэлектуальных канструкцый”, дасяжны толькі некаторым, а “пасланне, якое прымаем і можам зразумець дзякуючы розуму сэрца, адкрытаму на веліч Бога”. “Гэта Праўда – сам Хрыстус, які цалкам прыняўшы нашу чалавечнасць, стаў Шляхам – патрабавальным, але адкрытым для ўсіх, – што вядзе да паўнаты Жыцця”.

Калі посцім у прастаце сэрца і ў духу абмежаванняў, тады нанова адкрываем для сябе дар Бога і асэнсоўваем наш стан стварэнняў, якія ў Ім знаходзяць спаўненне. У досведзе добраахвотнай беднасці, чалавек, які посціць, становіцца бедным з беднымі і “назапашвае” багацце любові, атрыманай і раздзеленай. Калі пост перажываецца такім чынам ён дапамагае любіць Бога і бліжняга.

“Вялікі пост – гэта час для таго, каб верыць, каб прыняць Бога ў наша жыццё і дазволіць Яму пасяліцца ў нас. Посціць – значыць вызваліць наша жыццё ад таго, што яго абцяжарвае, у тым ліку ад перагрузкі інфармацыяй – праўдзівай і фальшывай – і спажывальніцтва, каб адкрыць дзверы нашага сэрца на Таго, хто прыходзіць да нас бедным ва ўсім, але “поўным ласкі і праўды”: Сына Бога-Збаўцу”, - напісаў Святы Айцец.

Надзея як “жывая вада”, якая дазваляе нам працягваць наш шлях

Папа нагадаў, што абяцаючы “жывую ваду” самаранцы, абвяшчаючы сваё ўваскрасенне пасля смерці, Пан абвяшчае надзею. “Спадзявацца з Ім і дзякуючы Яму – значыць верыць, што гісторыя не завяршаецца на нашых памылках, насіллі, несправядлівасці і граху, які ўкрыжоўвае Любоў.

Мець надзею – значыць “чэрпаць прабачэнне Айца з Яго адкрытага сэрца” ў сакрамэнце споведзі і стаць людзьмі, якія нясуць прабачэнне і суцяшэнне. “Божае прабачэнне, у тым ліку праз нашы словы і ўчынкі, дазваляе перажыць Пасху братэрства”, - дадаў Францішак.

Пантыфік заклікаў на працягу Вялікага посту несці людзям “словы падтрымкі, якія гояць, умацоўваюць суцяшаюць і заахвочваюць, словы, якія не прыніжаюць, не засмучаюць, не раздражняюць, не выказваюць пагарду” (Fratelli tutti, 223). Часам, каб адарыць надзеяй, дастаткова быць “зычлівым чалавекам, які гатовы адкласці ўсе свае страхі і тэрміновыя справы ў бок, каб звярнуць на кагосьці ўвагу, падараваць усмешку, сказаць спагаднае слова і выслухаць сярод агульнай абыякавасці” (Fratelli tutti, 224), - нагадаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць асабістай малітвы. “Перажыць Вялікі пост з надзеяй – значыць адчуць, што ў Езусе Хрысце мы з’яўляемся сведкамі новага часу, у якім Бог абнаўляе ўсё”, - напісаў Пантыфік.

Міласэрная любоў, якой жывем, наследуючы Хрыста, з увагай і спагадай да кожнага, з’яўляецца найвышэйшым выразам нашай веры і надзеі

Папа падкрэсліў, што міласэрная любоў радуецца, калі бачыць як узрастае іншы. “Таму яна пакутуе, калі іншы чалавек прабывае ў нястачы: адзінокі, хворы, бяздомны, пагарджаны, патрабуючы. Любоў – гэта імпульс сэрца, які дазваляе выйсці за свае межы, ствараючы повязь падтрымкі і адзінства”.

“Пачаўшы з “сацыяльнай любові”, можна ісці ў кірунку цывілізацыі любові, да якой мы ўсе можам адчуваць сябе пакліканымі. Любоў з яе ўніверсальным дынамізмам здольная будаваць новы свет, бо не з’яўляецца адным толькі пачуццём, але найлепшым сродкам для выяўлення эфектыўных шляхоў развіцця для ўсіх” (Fratelli tutti, 183), - нагадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што любоў – гэта дар, які напаўняе сэнсам наша жыццё і дзякуючы якому мы лічым патрабуючага членам нашай сям’і, сябрам, братам. Нават самае малое, падоранае іншым з любоўю, не вычэрпваецца ніколі, але становіцца крыніцай жыцця і шчасця. “Так адбываецца з нашай малой ці вялікай міласцінай, якую даем з радасцю і прастатой”.

Святы Айцец заўважыў, што перажыць Вялікі пост у духу міласэрнай любові – значыць клапаціцца пра людзей, пакутуючых, пакінутых і ўстрывожаных па прычыне пандэміі. Ён заклікаў падтрымліваць іх словамі надзеі, дапамагаць адчуць, што Бог любіць іх як сваіх дзяцей.

Францішак завяршыў пасланне малітвай да Маці Збаўцы, каб падтрымлівала вернікаў сваёй клапатлівай прысутнасцю, а таксама прасіла Уваскрослага Пана, каб Ён сваім благаслаўленнем “суправаджаў нас на шляху да пасхальнага святла”.
 

12 лютага 2021, 11:30