Францішак падчас "Анёл Панскі" Францішак падчас "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: Божае пакліканне – гэта заўсёды любоў

Сустрэча з Езусам, Які кажа пра Айца, дазваляе нам пазнаць Яго любоў. І тады ў нас узнікае спантаннае жаданне перадаць яе людзям, якіх любім, - заўважыў Папа 17 студзеня 2021 г. у разважанні перад “Анёл Панскі”.

Каментуючы евангельскі ўрывак, які распавядае пра сустрэчу Езуса з першымі вучнямі, Францішак адзначыў, што калі яны спыталі: “Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?”, Збаўца не адказаў у Капернауме ці ў Назарэце, а: “Ідзіце і ўбачыце”.

Францішак адзначыў, што кожнае пакліканне Бога “з'яўляецца ініцыятывай Яго любові”. “Першае пакліканне Бога – гэта пакліканне да жыцця, праз што Ён стварае нас як асобу. Гэта індывідуальнае пакліканне, паколькі Бог не кіруе яго серыйна. Затым Бог заклікае нас да веры, стаць часткай Яго сям'і як дзеці Божыя. Нарэшце, Бог заклікае нас да асаблівага стану жыцця: да дару сябе ў сужэнстве, святарстве або кансэкраваным жыцці”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што для кожнага верніка найвялікшай радасцю з’яўляецца водгук на гэтае пакліканне, адданне ўсяго сябе на службу Богу і братам”.

І хоць наш адказ можа суправаджацца адмовай або страхам, “Божае пакліканне – гэта любоў, і мы адказваем на яе толькі любоўю”. “На пачатку ёсць сустрэча, дакладней, сустрэча з Езусам, Які распавядае нам пра Айца, дазваляе нам пазнаць Яго любоў. І тады ў нас узнікае спантаннае жаданне перадаць яе людзям, якіх мы любім: “Я сустрэў любоў”, “Я знайшоў сэнс свайго жыцця”. Адным словам: “Я знайшоў Бога”, - падкрэсліў Папа.

Ён заахвоціў вернікаў зрабіць сваё жыццё “песняй хвалы Богу ў адказе на Яго пакліканне і ў пакорлівым і радасным выкананні Яго волі”.
 

17 студзеня 2021, 12:47