Кардынал Джавані Батыста Рэ падчас Нешпараў у Ватыкане Кардынал Джавані Батыста Рэ падчас Нешпараў у Ватыкане 

Пантыфік дзякуе за 2020 год: Божая сіла мацнейшая за наш эгаізм

Драма пандэміі, як і іншыя пошасці, “выклікаюць у нас спачуванне і адносіны і жэсты блізкасці, клопату, салідарнасці”, - гэтыя словы Папы прагучалі 31 снежня 2020 г. падчас Нешпараў у Ватыкане.

Набажэнства падзякі за адыходзячы год у базыліцы св. Пятра ад імя Францішка, які пакутуе ад радыкуліту, узначаліў Дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Джавані Батыста Рэ.

У прачытаным іерархам казанні Пантыфік адзначыў, што “можа здацца вымушаным, амаль абуральным, дзякаваць Богу ў канцы такога года, як гэты, пазначаны пандэміяй”.

“Мы думаем пра сем’і, якія страцілі аднаго або некалькіх членаў, пра тых, хто хварэў, пра тых, хто перажыў адзіноту, пра тых, хто страціў працу...”

, - адзначыў Папа.

Францішак задаў пытанне “у чым сэнс такой драмы?”. “Мы не павінны спяшацца адказваць на гэтае пытанне. Нават Бог не адказвае на наша самае пакутлівае “чаму”, звяртаючыся да “больш важных прычын”. Божы адказ ідзе шляхам уцелаўлення (...). Бог, Які ахвяруе чалавекам дзеля вялікага плана, нават калі б гэта быў найлепшы план з магчымых, безумоўна, не той Бог, Якога нам адкрыў Езус Хрыстус. Бог ёсць Айцец, “вечны Айцец”, і калі Яго Сын стаў чалавекам, гэта адбылося з прычыны вялікага спачування сэрца Айца. Бог – гэта пастыр, а які пастыр дазволіць згубіцца нават адной авечцы, думаючы, што ў яго засталося яшчэ шмат? Не, гэтага цынічнага і бязлітаснага бога не існуе. Гэта не Бог, якога мы “хвалім” і “праслаўляем як Пана”, - запэўніў Папа.

Францішак падзякаваў Богу “за добрыя рэчы, якія адбыліся падчас пандэміі” і за тых людзей, “якія без мітусні прыкладалі намаганні, каб зрабіць цяжар гэтага досведу больш цярпімым”.

Ён звярнуў увагу на тое, што “медыцынскія работнікі – урачы, медсёстры, валанцёры – знаходзяцца на перадавой, і таму яны заўсёды прысутнічаюць у нашых малітвах і заслугоўваюць нашай падзякі; як і многія святары, законніцы і законнікі”. “Сёння вечарам хацеў бы выказаць нашу падзяку тым, хто кожны дзень стараецца клапаціцца пра свае сем’і і служыць агульнаму дабру. У прыватнасці, маю на ўвазе дырэктараў школ і настаўнікаў, якія адыгрываюць жыццёва важную ролю ў жыцці грамадства і сутыкаюцца з вельмі складанай сітуацыяй. Я таксама думаю з удзячнасцю пра прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, якія ўмеюць выкарыстаць усе тавары, што прысутнічаюць на тэрыторыі горада, дбаючы не аб уласных і партыйных інтарэсах, але шукаючы карысці для ўсіх, пачынаючы з самых абяздоленых”, - адзначыў Францішак.

Папа падкрэсліў, што “усё гэта не можа адбывацца без ласкі, без Божай міласэрнасці”. “Як магчыма, што так шмат людзей без аніякай узнагароды, акрамя як рэалізацыі дабра, знаходзяць у сабе сілы клапаціцца пра іншых? Што падахвочвае іх адмовіцца ад сябе, уласнага камфорту, свайго часу, маёмасці, каб аддаць гэта іншым? У глыбіні душы, нават калі яны самі пра гэта не думаюць, яны кіруюцца Божай сілай, якая з’яўляецца больш магутнай, чым наш эгаізм”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
 

01 студзеня 2021, 11:14