Капітолій у Вашынгтоне. Ілюстрацыйнае фота Капітолій у Вашынгтоне. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец пра падзеі ў ЗША і вакцынацыю ад каронавіруса

Святы Айцец пракаментаваў нядаўнюю спробу захопу Капітолія прыхільнікамі Дональда Трампа, а таксама звярнуў увагу на важнасць вакцынацыі ад каронавіруса.

У інтэрв’ю італьянскаму “Canale 5”, якое выйдзе ў эфір вечарам 10 студзеня 2021 г., Папа прызнаўся, што падзеі ў ЗША сталі для яго нечаканасцю, бо амерыканскі народ з’яўляецца вельмі дысцыплінаваным у дэмакратыі. У той жа час Францішак заўважыў, што нават “у самых сталых рэаліях” ёсць людзі, якія “вырашаюць ісці супраць грамадства, супраць дэмакратыі, супраць агульнага дабра”.

Пантыфік падкрэсліў, што насілле, “адзназначна павінна быць асуджана, незалежна ад людзей”. Ніводны народ не можа пахваліцца тым, што ў яго гісторыі не было ніводнага выпадку насілля, таму важна добра асэнсаваць тое, што здарылася, каб яно больш не паўтарылася і “вынесці ўрок з гісторыі”, лічыць Папа.

Падчас інтэрв’ю Святы Айцец казаў таксама пра “маральнае рашэнне” прышчапіцца ад каронавіруса, які выклікаў пандэмію. Ён выказаў пажаданне, каб усе прыступілі да вакцынацыі, маючы на ўвазе таксама пашану да жыцця і здароўя іншых людзей. Францішак распавёў, што ўжо запісаўся на вакцынацыю, якая пачнецца ў Ватыкане ў бліжэйшыя тыдні.
 

10 студзеня 2021, 11:35