Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: ідэалогіі і жарсці – ворагі сацыяльнага сяброўства

Не бывае сацыяльнага сяброўства без дыялогу і здольнасці слухаць іншых, - падкрэсліў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў 23-га Дня сацыяльнага душпастырства, які праходзіць у Аргентыне.

Францішак спаслаўся на тэму форума: “На шляху да культуры сустрэчы. Краіна для ўсіх: братэрства і сацыяльнае сяброўства”. Ён прызнаўся, што гэтыя пытанні вельмі хвалююць яго.

Святы Айцец нагадаў, што па прычыне граху і злых схільнасцей мы заўсёды скіроўваемся да варожасці і войнаў. Людзі забываюць пра сваё пакліканне да братэрства, гармоніі, сацыяльнага сяброўства, а планета перажывае свайго роду фрагментарную трэцюю сусветную вайну. У многіх краінах людзі не ўмеюць весці дыялог і слухаюць толькі сябе, але не бывае сацыяльнага сяброўства без увагі да іншага: патрэбна гатоўнасць пачуць ад суразмоўцы нешта карыснае і добрае.

На думку Францішка, у сацыяльнага сяброўства ёсць два вялікія ворагі. Першы – гэта ідэалогіі, якія кіруюць усім: яны імкнуцца панаваць і “абяззброіць канкрэтыку чалавечай прыроды”. Другім ворагам сацыяльнага сяброўства з’яўляюцца чалавечыя жарсці, якія часта падштурхоўваюць да знішчэння іншага, не саступаючы месца нікому. Яны “заўсёды падобныя на дарожны каток, замест дыялогу рушаць наперад і разбураюць”.

Пантыфік заўважыў, што пра адсутнасць сацыяльнага сяброўства кажуць не толькі ваенныя канфлікты, але і шматлікія “перыферыі чалавечага існавання”: неадукаваныя дзеці, людзі, пазбаўленыя харчавання, медыцынскай дапамогі, пітной вайны і таго мінімум, які дазваляе жыць годна.

“Нам варта было б задацца пытаннем пра тое, што нас акружае, пра месцы па суседстве з нашым домам і працай. Ці існуе там сацыяльнае сяброўства?”, - прапанаваў Папа. Ён заклікаў удзельнікаў форума пазбягаць абстрактных разважанняў і звяртацца да жывых і канкрэтных рэалій.
 

04 снежня 2020, 10:21