Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св .Пятра Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св .Пятра 

Святы Айцец: перамяніць жыццё ў дар па прыкладзе Марыі

Шчодрасць, благаслаўленне і дар – рысы Бога, якія дапамагае ўбачыць Панна Марыя, - заўважыў Папа падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 12 снежня 2020 г. з нагоды ўспаміну Маці Божай Гвадэлупскай.

Літургія прайшла ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. Сёлета яна набыла падвоенае значэнне, паколькі супала са 125-годдзем каранацыі цудатворнага абраза нябеснай апякункі Лацінскай Амерыкі.

У гаміліі Францішак нагадаў, што Бог заўсёды дорыць сябе без лішкаў. Ён не ведае “дозаў”, але аддае сябе цалкам. Яго “абмежаваннем” з’яўляецца толькі бязмежная шчодрасць, бо Ён не можа дарыць сябе не напоўніцу.

Яшчэ адной рысай Бога Папа назваў благаслаўленне. Пра гэта сведчаць самыя першыя старонкі Бібліі, дзе апавядаецца пра тое, як Бог благаслаўляў створаны сусвет. У сваю чаргу праклён належыць стылю д’ябла, ворага, таго, які няздольны падарыць сябе цалкам, - папярэдзіў Святы Айцец.

Трэцяя характарыстыка Бога, якую дапамагае разглядзець Багародзіца, з’яўляецца дар. “Сузіраючы абраз Нашай Маці будзем прасіць Пана, каб дазволіў нам хоць крыху наблізіцца да гэтага Божага ладу: шчодрасці, бласлаўлення і перамянення нашага жыцця ў дар”, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Францішак.
 

12 снежня 2020, 13:04