Папа падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота Папа падчас "Анёл Панскі". Ілюстрацыйнае фота 

"Анёл Панскі": навяртанне ўключае боль за здзейсненыя грахі

“Ян Хрысціцель указаў сваім сучаснікам маршрут веры, падобны на той, які прапануе Адвэнт тым, хто рыхтуецца прыняць Пана ў Божым Нараджэнні”, - звярнуў увагу Папа 6 снежня 2020 г. у разважанні перад “Анёл Панскі”.

Францішак спаслаўся на Евангелле Другой нядзелі Адвэнту (Мк 1, 1-8) і нагадаў яго галоўны пасыл – патрэбу кожнага ў навяртанні. Ён нагадаў, што ў Святым Пісанні навяртанне – гэта змена кірунку і спосабу мыслення.

“У маральным і духоўным жыцці навяртанне азначае зварот ад зла да дабра, ад граху да Божай любові. Гэтаму вучыў Ян Хрысціцель, які ў Юдэйскай пустыні “абвяшчаў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў”. Хрост быў знешнім і бачным знакам навяртання тых, хто слухаў яго пропаведзь і вырашыў пакаяцца. Хрост адбываўся праз пагружэнне ў ваду, але заставаўся бескарысным, калі не было гатоўнасці пакаяцца і змяніць сваё жыццё”, - заўважыў Папа.

“Навяртанне ўключае боль за здзейсненыя грахі, жаданне вызваліцца ад іх, дазвол назаўсёды выключыць іх са свайго жыцця. Каб пазбавіцца граху, мы таксама павінны адкінуць усё, што з ім звязана: мысленне гэтага свету, празмерную прывязанасць да камфорту, задавальнення, матэрыяльнага дабрабыту, багацця”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

І тут Ян Хрысціцель, чалавек, які “адмаўляецца ад лішняга і шукае неабходнае”, для хрысціян з’яўляецца першым прыкладам, бо галоўная рыса навяртання, заўважыў Папа, “адарванасць ад граху і свецкасці”.

Іншы аспект навяртання, на які звярнуў увагу Пантыфік, – гэта пошук Бога і Яго Валадарства. “Адмова ад камфорту і свецкага менталітэту не з’яўляецца самамэтай, але накіравана на дасягненне нечага большага: Божага Валадарства, камуніі з Богам, сяброўства з Богам. Але гэта няпроста, таму што існуе мноства рэчаў, якія набліжаюць нас да граху: непастаянства, расчараванне, злосць, шкоднае асяроддзе, дрэнны прыклад. Часам цяга, якую мы адчуваем да Пана, занадта слабая і амаль здаецца, што Бог маўчыць; Яго абяцанні суцяшэння падаюцца нам далёкімі і нерэальнымі (...). І тады ў нас узнікае спакуса сказаць, што немагчыма па-сапраўднаму навярнуцца”, - звярнуў увагу Францішак.

Папа прапанаваў у такіх выпадках, перш за ўсё, памятаць, “што навяртанне – гэта ласка, і прасіць у Бога сілы”. “Мы навяртаемся па-сапраўднаму ў той ступені, у якой адкрываемся на прыгажосць, дабро і пяшчоту Бога”, - заўважыў ён.

“Найсвяцейшая Марыя, якую паслязаўтра будзем ушаноўваць ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, няхай дапамагае нам усё больш і больш аддзяляцца ад граху і мірскога і адкрывацца для Бога, Яго слова, Яго любові, якая аднаўляе і збаўляе”, - завяршыў сваё разважанне Францішак.
 

06 снежня 2020, 12:10