Лагатып 10-га Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла Лагатып 10-га Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла 

Пантыфік: як стварыць эканоміку і палітыку, здольныя да любові?

Жыць як вернікі, інтэграваныя ў грамадства, адкрываючы Божае жыццё, атрыманае ў дар у хросце, - пажадаў Папа ўдзельнікам Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, які праводзіцца ў Італіі ў дзясяты раз.

Сёлета форум праходзіць упершыню без удзелу яго заснавальніка, кс. Адрыяна Вінчэнцы адышоў у вечнасць у пачатку 2020 г. Але яго мара, каб Фестываль выйшаў за межы Вероны, упершыню рэалізавалася: з прычыны пандэміі ён прайшоў на лічбавай платформе.

Увечары 26 лістапада 2020 г. Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў з відэазваротам. Ён назваў незвычайнай і творчай тэму сёлетняй сустрэчы: “Памяць пра будучыню”. “Для нас, хрысціян, будучыня мае імя, і гэта імя – надзея. Надзея – гэта цнота сэрца, якое не замыкаецца ў цемры, не спыняецца на мінулым, не жыве толькі сучаснасцю, але ўмее глядзець у заўтрашні дзень”, - сказаў Францішак.

Папа падзяліўся сваімі думкамі наконт розніцы паміж памяццю і настальгіяй, якая, паводле яго, з’яўляецца “сапраўднай духоўнай хваробай”. Спасылаючыся на словы рускага паэта і мысляра Іванова, які сцвярджаў, што “на самой справе існуе толькі тое, што памятае Бог”, ён заўважыў, што дынамізм хрысціянства заключаецца не ў “настальгічным захаванні мінулага”, а ва “уваходзе ў вечную памяць Айца”, што магчыма, калі чалавек вядзе “жыццё міласэрнай любові”.

“Такім чынам не настальгія, якая блакіруе творчасць і ператварае людзей у зацятых і ідэалагізаваных таксама ў сацыяльнай, палітычнай і касцёльнай сферах, а хутчэй памяць, непарыўна звязаная з любоўю і досведам, становіцца адным з самых глыбокіх вымярэнняў чалавечай асобы”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Менавіта ў хросце мы ўсе нараджаемся для Жыцця, якое з’яўляецца зносінамі з Богам, з бліжнімі і са стварэннем. Гэта жыццё Хрыста, і мы “не можам жыць у свеце як вернікі, калі не выявім у сабе Яго жыцця”. Таму, “прышчэпленыя да жыцця Трынітарнай Любові”, мы становімся здольнымі да “Божай памяці”, бо толькі тое, што ёсць любоўю, “не трапляе ў забыццё”, - падзяліўся разважаннем Папа.

Паводле Пантыфіка, жыць з памяццю пра будучыню, гэта гарантаваць, што Касцёл, вялікі Божы народ, можа быць пачаткам і парасткам Божага Валадарства на зямлі. “Знаходзячыся ў свеце з сілай і творчасцю, якія вынікаюць з жыцця Бога ў нас, мы зможам захапіць погляды і сэрцы іншых Евангеллем Езуса, дапамагчы ўзнікненню праектаў новай інклюзіўнай эканомікі і палітыкі, здольных да любові”, - звярнуў увагу ўдзельнікаў Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла Францішак.
 

27 лістапада 2020, 10:51