Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы на пачатак Адвэнту Папа падчас св. Імшы на пачатак Адвэнту  (Vatican Media)

Францішак: не паддацца сну павярхоўнасці і раўнадушша

Чуваць у малітве і міласэрнай любові, - заклікаў Францішак падчас св. Імшы на пачатак Адвэнту, якую цэлебраваў 29 лістапада 2020 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

У Эўхарыстыі прынялі ўдзел 11 іерархаў, якія днём раней атрымалі з рук Святога Айца атрыбуты кардынальскай годнасці – берэт, пярсцёнак і булу з тытулам.

У гаміліі Францішак заўважыў, што літургічныя чытанні прапануюць два ключавыя словы на Адвэнт: блізкасць і чуванне. Ён падкрэсліў, што цяпер настаў час, каб узгадаць пра блізкасць Бога і сказаць Пану, што маем патрэбу ў Ім.

“Будзем прамаўляць і мы ўскліканне, уласцівае Адвэнту: “Прыйдзі, Пане Езу”. Мы можам казаць яго на пачатку кожнага дня і паўтараць часта: перад сустрэчамі, вучобай, працай і рашэннямі, якія павінны прыняць, у важныя моманты і хвіліны выпрабаванняў: Прыйдзі, Пане Езу”, - параіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што чуваць неабходна, каб за тысяччу розных спраў не прамінуць прыйсце Бога. “Захопленыя нашымі інтарэсамі і заклапочаныя шматлікімі марнымі справамі, мы рызыкуем згубіць самае галоўнае”, - папярэдзіў ён. Чуваць, на думку Францішка, значыць не дазволіць роспачы паглынуць нас, жыць надзеяй.

Папа нагадаў, што тым, хто чувае, пагражае спакуса сну. У першую чаргу сон павярхоўнасці. “Вера – гэта не вада, якая гасіць, а агонь, які спальвае; гэта не заспакаяльнае для тых, хто перажывае стрэс, але гісторыя любові для тых, хто закаханы. Таму Езус больш за ўсё іншае не церпіць, калі чалавек ні гарачы, ні халодны”, - сказаў Пантыфік.

Абудзіцца ад сну павярхоўнасці, паводле Папы, дапамагае малітоўнае чуванне. “Маліцца – значыць запаліць святло ўначы. Малітва робіць гарачай прахалоду гарызантальнага жыцця, уздымае позірк да вышыняў, настройвае на адну хвалю з Панам. Малітва дазваляе Богу быць побач з намі; таму яна вызваляе ад самотнасці і дае надзею. Малітва напаўняе кіслародам жыццё: як немагчыма жыць без дыхання, так немагчыма быць хрысціянамі без малітвы. Існуе вялікая патрэба ў хрысціянах, якія будуць чуваць за тых, хто спіць; у хрысціянах, якія пастаянна аддаюць пашану Богу; у заступнікаў, якія дзень і ноч нясуць да Езуса, святла свету, цемру гісторыі”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу таксама на іншы від духоўнага сну: сон раўнадушша. Калі думаем толькі пра сябе і свае патрэбы, ноч сыходзіць на нашы сэрцы, мы хутка пачынаем на ўсё наракаць, адчуваць сябе ахвярамі і нарэшце паўсюль пляцем змову. Ад сну раўнадушша, у сваю чаргу, дапамагае абудзіцца чуванне ў міласэрнай любові.

“Любоў – гэта сэрца хрысціяніна, якое б’ецца: як немагчыма жыць без біцця сэрца, так немагчыма быць хрысціянамі без міласэрнай любові. Камусьці здаецца, што адчуванне спагады, дапамога, служэнне – для прайграўшых. На самой жа справе – гэта адзінае, што перамагае, бо ўжо скіравана на будучыню, на дзень Пана, калі ўсё праміне і застанецца толькі любоў. Учынкамі міласэрнасці мы набліжаемся на Пана”, - дадаў ён.

Маліцца і любіць – вось чуванне. “Калі Касцёл аддае пашану Богу і служыць бліжняму, не жыве ўначы. Ён крочыць да Пана, нават калі перажывае стомленасць і выпрабаванні. Усклікнем да Яго: Прыйдзі, Пане Езу, маем патрэбу ў Табе. Прыйдзі да нас. Ты – святло: абудзі нас ад сну павярхоўнасці, абудзі нас ад цемры раўнадушша. Прыйдзі, Пане Езу, зрабі бадзёрымі нашы няўважлівыя сэрцы: дапамажы нам адчуць жаданне маліцца і патрэбу любіць”, - завяршыў гамілію Папа.
 

29 лістапада 2020, 10:55