Пошук

Папа Францішак і арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі нунцый у Беларусі Папа Францішак і арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі нунцый у Беларусі 

У Беларусь прыбывае Апостальскі нунцый

11 кастрычніка 2020 г. у Мінск прыбудзе Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, - паведаміў catholic.by са спасылкай на Апостальскую нунцыятуру ў Беларусі.

Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 г. у горадзе Трыль. Святарскае пасвячэнне атрымаў 28 чэрвеня 1992 г. у складзе Сплітска-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай касцёльнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. Потым, у 2003-2009 гадах быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 г. стаў дарадцам нунцыятуры ў Філіпінах.

2 лютага 2019 г. Папа прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы. Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. іерарх трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў бальніцы ў крытычным стане.

22 студзеня 2020 г. арцыбіскуп Ёзіч сустрэўся з Францішкам. Яго біскупская сакра павінна была адбыцца 21 сакавіка 2020 г. у базыліцы св. Пятра, аднак яна была перанесена з прычыны пандэміі COVID-19.

21 мая 2020 г. Францішак прызначыў іерарха Апостальскім нунцыем у Беларусі. Біскупскае пасвячэнне адбылося ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у харвацкім Соліне. Яго ўдзяліў 16 верасня 2020 г. Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін.

Арцыбіскуп Ёзіч стаў другім харвацкім іерархам на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі. З 15 верасня 2004 г. па 15 ліпеня 2011 г. дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў краіне ўзначальваў арцыбіскуп Марцін Відавіч. Ён таксама належаў да Сплітска-Макарскай архідыяцэзіі.

08 кастрычніка 2020, 12:10