Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: эканоміка павінна ўлічваць лёс будучых пакаленняў

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў міжнароднай анлайн-канфэрэнцыі, арганізаванай платформай “TED” для пошуку выйсця з экалагічнага крызісу.

Святы Айцец заклікаў пераасэнсаваць эканамічную мадэль вытворчасці і спажывецтва, перамагчы культуру марнатраўства, недальнабачнасці, эксплуатацыі бедных і раўнадушша да іх, а таксама спыніць рост няроўнасці і залежнасць ад шкодных крыніц энергіі.

Гаворачы пра цяжкасці, выкліканыя пандэміяй і сацыяльна-экалагічны крызіс, Пантыфік заклікаў не ігнараваць пакуты самых бедных і не зневажаць наш супольны дом, а пачаць прыкладаць намаганні на кожным узроўні, каб змяніць наш лад жыцця. Ён пажадаў, каб эканамічная дзейнасць брала пад увагу ўплыў на навакольнае асяроддзе, чалавечую годнасць, а таксама на лёс будучых пакаленняў.

“Я хацеў бы запрасіць вернікаў, хрысціян і не толькі, а таксама ўсіх людзей добрай волі, распачаць гэта падарожжа, зрабіўшы зыходным пунктам сваю веру, а тых, хто не верыць, сваю добрую волю. Кожны з нас, як асобны чалавек і як член групы – сям’і, супольнасці вернікаў, прадпрыемства, таварыства ці структуры – можа прапанаваць значны ўклад” – сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў спрыяць выхаванню павагі да прыроды, садзейнічаць гарантаванню паўсюднага доступу да вады і прадуктаў харчавання, а таксама падтрымліваць “энергетычны пераход”, паступова замяняючы выкапнёвае паліва чыстымі крыніцамі энергіі.
 

11 кастрычніка 2020, 11:53