Францішак падчас высіуплення ў штаб-кватэры ФАО. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас высіуплення ў штаб-кватэры ФАО. Ілюстрацыйнае фота 

Папа ў 75-годдзе ФАО: патрэбны Фонд для вынішчэння голаду

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) “годная і важная”, таму што ставіць мэтай сваёй дзейнасці “перамогу над голадам, адсутнасцю харчовай бяспекі і недаяданнем”, - заявіў Пантыфік.

16 кастрычніка 2020 г., у Сусветны дзень харчавання, калі ФАО святкуе 75-годдзе з дня заснавання, Святы Айцец павіншаваў міжнародную структуру ў асобе яе Генеральнага дырэктара, у адмысловым відэазвароце.

Папа заўважыў, што дэвіз сёлетняга Сусветнага дня харчавання – “Вырошчваць, жывіць, ахоўваць разам. Нашыя дзеянні – гэта нашая будучыня” – падкрэслівае неабходнасць узгодненай дзейнасці па паляпшэнні навакольнага асяроддзя і пашырэнні надзеі сярод народаў.

Святы Айцец лічыць, што ў сучасных надзвычай складаных умовах пандэміі ўстойлівае і дыверсіфікаванае земляробства, а таксама падтрымка і развіццё невялікіх сельскіх гаспадарак і кааператываў найбольш бедных краін набываюць асаблівае значэнне.

“На працягу гэтых 75-ці гадоў ФАО ўсвядоміла, што недастаткова вырабляць прадукты харчавання: важна таксама забяспечыць, каб харчовая сістэма была ўстойлівай і прапаноўвала здаровы і даступны для ўсіх рэжым харчавання. Гаворка ідзе пра прыняцце інавацыйных рашэнняў, здольных змяніць спосаб, якім вырабляем і спажываем прадукты харчавання, на карысць нашых супольнасцей і нашай планеты, умацоўваючы такім чынам здольнасць аднаўлення і ўстойлівасці ў доўгатэрміновай перспектыве”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў несуцяшальную статыстыку ФАО: за апошнія дзесяцігоддзі колькасць людзей, якія змагаюцца з голадам, павялічылася і відавочна, што пандэмія яшчэ больш пагоршыць сітуацыю.

Францішак сцвердзіў, што “голад для чалавецтва – гэта не толькі трагедыя, але яшчэ і сорам”, бо выкліканы няроўным размеркаваннем пладоў зямлі, недастатковымі інвестыцыямі ў сельскагаспадарчы сектар, наступствамі кліматычных змен і ваеннымі канфліктамі ў розных частках планеты.

“Перад абліччам гэтай рэчаіснасці мы не можам заставацца бяздушнымі або бяздзейнымі. Мы ўсе нясём адказнасць”

, - зазначыў Пантыфік.

Ён выказаў перакананне, што адказам на існуючы крызіс павінны стаць “канкрэтныя палітыка і дзеянні па выкараненні голаду ў свеце”. “Дыялектычныя або ідэалагічныя спрэчкі”, дадаў Папа, толькі аддаляюць ад гэтай мэты і “дапускаюць, каб людзі працягвалі паміраць з прычыны недахопу ежы”.

На думку Папы, “мужным рашэннем было б заснаванне на грошы, якія выдаткоўваюцца на ўзбраенне і іншыя ваенныя расходы, сусветнага Фонду для канчатковага вынішчэння голаду і спрыяння развіццю найбольш бедных краін”.

Францішак выказаў надзею, што Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН будзе “станавіцца ўсё больш пераканаўчай і плённай”, і пажадаў Божага благаслаўлення ўсім тым, хто “выконвае жыццёва важную місію апрацоўкі зямлі, кармлення тых, хто галадае, і аховы прыродных рэсурсаў, з тым каб усе маглі жыць годна, з павагай і любоўю”.
 

16 кастрычніка 2020, 14:52