Швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота Швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак сустрэўся з навабранцамі Швейцарскай гвардыі

“Гэта ўнікальны момант у вашым жыцці: пражывіце яго ў духу братэрства, дапамагаючы адно аднаму, ведучы жыццё, напоўненае сэнсам і хрысціянскай радасцю”, - заклікаў Папа новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі.

Францішак выказаў спадзяванне, што знаходжанне маладых швейцарцаў у Рыме “стане спрыяльным часам для атрымання максімальнай карысці ад таго, што прапануе горад”. “Ён багаты гісторыяй, культурай і верай. Таму скарыстайцеся прапанаванымі вам магчымасцямі для ўмацавання вашага культурнага, моўнага і духоўнага багажу”, - сказаў Пантыфік 2 кастрычніка 2020 г., падчас сустрэчы з навабранцамі.

“Няхай прысяга, якую вы прынесяце паслязаўтра, таксама будзе сведчаннем вернасці вашаму хроснаму пакліканню, Хрысту, Які заклікае вас быць мужчынамі і хрысціянамі, галоўнымі дзеючымі асобамі вашага жыцця. З Яго дапамогай і сілай Святога Духа вы са спакоем прымеце жыццёвыя нягоды і праблемы. Не забывайцеся, што Пан заўсёды побач: шчыра жадаю вам заўсёды адчуваць Яго суцяшальную прысутнасць”, - пажадаў Францішак.

Ён скарыстаўся нагодай і звярнуўся да ўсёй Папскай швейцарскай гвардыі. “Дзякую вам не толькі за тое, што вы робіце – а гэта шмат! - але і як вы гэта робіце. Св. Тэрэза Калькуцкая казала, што напрыканцы жыцця нас будуць судзіць не за тое, колькі спраў мы зрабілі, а за тое, колькі любові мы ўклалі ў гэтыя рэчы”, - сказаў Папа.
 

02 кастрычніка 2020, 12:08